Прогноз погоды
Вс, 18 мая 2025

Расіян зацікавілі кобрынскія карнішоны

12/12/2012 Сельское хозяйство

У мінулую пятніцу на аграсядзібе “Студзінка” фермера Васіля Новіка прайшла рабочая нарада. Фермеры Брэстчыны, а таксама з Гродзеншчыны разам з прадстаўнікамі абласнога аграпрамысловага саюза і расійскага кансервавага завода абмеркавалі шляхі супрацоўніцтва. Расійскіх бізнесменаў цікавілі магчымасці фермераў па вырошчванні агуркоў-карнішонаў.

- Наш завод, які знаходзіцца ў Цвярской вобласці, ужо пяць гадоў запар перапрацоўвае звыш 3000 тон сыравіны, - расказвае сузаснавальнік “Селіжараўскага кансервавага завода” Ігар Пастухоў. – Мы атрымліваем агуркі з Малдавіі, Індыі, поўдня Расіі. Сёлета першы раз паспрабавалі выкарыстоўваць беларускія агуркі. У прыватнасці, везлі іх з Альшан і Рубля, каля 600 тон атрымалі. Я працаваў таксама і з кобрынскімі фермерамі. І магу сказаць, што якасць прадукцыі мяне задаволіла. Таму я гатовы працаваць з вамі. Аднак у нас досыць высокія патрабаванні да якасці. Мы заказваем агуркі толькі тых відаў, што добра ідуць на засолку.

Як адзначыў адзін з аўтараў тэхналогіі  вытворчасці агуркоў на шпалерах аграном Інстытута агародніцтва НАН Рэспублікі Беларусь Мікалай Сідзюк, патэнцыял па вырошчванні якасных агуркоў-карнішонаў на Брэстчыне вялікі.

- Паводле нашых даследаванняў, выконваючы правільна тэхналагічныя рэкамендацыі, з соткі можна сабраць тону карнішонаў, - перакананы Мікалай Сідзюк. - Што цікава, калі на агуркі ёсць попыт, то з адной соткі можна зарабіць 500 долараў.  Сям’я  з чатырох чалавек спакойна можа асіліць вырошчванне карнішонаў на чатырох сотках. Вось і лічыце самі: за два летнія месяцы на сваім прысядзібным участку можна зарабіць каля дзвюх тысяч долараў.

Падчас абмеркавання фермеры цікавіліся не толькі аб’ёмамі закупак і коштам, але і гарантыямі таго, што бізнесмен іх не падвядзе.

- Справа ў тым, што раней мы супрацоўнічалі з такой кампаніяй, як “Вастэга”. Фермеры паспадзяваліся, адвялі пад агуркі вялікія плошчы, а пасля кампанія не змагла гэты ўраджай прыняць, - тлумачыць галоўны спецыяліст па развіцці фермерскай гаспадаркі Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Павел Каліноўскі. - Таму нам патрэбна гарантыя таго, што вы нашу прадукцыю прымеце.

- Магчыма, вы ўкладзеце свае грошы ў насенне, - прапанавалі фермеры. - Не таму, што ў нас няма фінансаў на гэта, а таму, што тады вы будзеце зацікаўлены ў тым, каб набыць у нас агуркі.

Ігар Пастухоў запэўніў, што ён не падвядзе і адразу сказаў, што гатовы выдзеліць грошы як на насенне, так і ўгнаенні. А таксама гарантаваў фермерам пастаянны кошт на агуркі, нават, калі будзе вялікі ўраджай.

Настасся ЗАНЬКО.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу