Ср, 06 ноября 2024
Прогноз погоды

Председатель Кобринского райисполкома Александр Зозуля: «Для власти второстепенных задач не существует»

10/11/2014 Социум Строим

Імкліва ляціць час. Роўна год мінуў з таго моманту, калі старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля быў прызначаны на гэту пасаду. Якімі ж былі гэтыя дванаццаць месяцаў для кіраўніка раёна? З гэтым пытаннем мы і звярнуліся да Аляксандра Іванавіча.- Як вядома, Кобрыншчына – рэгіён з развітым сельскагаспадарчым вектарам. Што ўдалося зрабіць у аграрнай галіне?- Зноў і зноў даводзіцца пераконвацца ў тым, што зямля патрабуе да сябе максімальнай увагі і аддачы. А для таго, каб яна давала па-сапраўднаму годны ўраджай, неабходна ўкласці ў яе часцінку сваёй душы, што і было зроблена ў 2014 годзе. Вынік творчай, адданай працы ўсіх зацікаўленых службаў і ведамстваў раёна - амаль сто дзве тысячы тон збожжа. Але, перакананы, хлебаробы здольныя пакарыць і значна большы рубеж па намалоце збожжа. Штогадова неабходна працаваць з прыростам не менш як 10 працэнтаў да гэтай лічбы. І сілы, і сродкі для гэтага ў раёне ёсць. Хочацца ад усёй душы падзякаваць кожнаму, хто са знакам “плюс” працуе на зямлі, а таксама кіраўнікам вытворчых прадпрыемстваў, якія неабыякава ставяцца да лёсу сельскай гаспадаркі, па асабістай ініцыятыве падключаюцца да вырашэння вострых пытанняў.С задавальненнем адзначу, што аграрнікам з належным напружаннем і аддачай годна ўдалося папрацаваць сёлета і ў час асенне-палявых работ. Праведзены поўны комплекс агратэхнічных мерапрыемстваў, у неабходных аб’ёмах унесены мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. Спадзяемся, што ў наступным годзе мы атрымаем добры ўраджай збожжавых і зернебабовых культур, рапсу.Сучасныя рэаліі дыктуюць новыя падыходы ў аптымізацыі сельскагаспадарчай галіны. Па ўсёй краіне шэраг гаспадарак аб’ядноўваецца ў аграхолдынгі. Гэты працэс актыўна працягваецца і на Кобрыншчыне на падставе адпаведных указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ужо фактычна і юрыдычна завершана рэарганізацыя СВК “Вербнае”. Удзельнікам гэтага праекта выступілі прыватныя інвестары з Брэста. Цяпер гэты сельгаскааператыў мае назву ТАА “КантрыМілк”. Профіль гаспадаркі застанецца нязменным – жывёлагадоўля і раслінаводства, магчыма, з дабаўленнем новых перспектыўных накірункаў для Кобрыншчыны – авечкагадоўлі і вырошчвання буякоў. Адзначу, што з першых дзён інвестары сур’ёзна ўзяліся за справу: набываюць насенны матэрыял, абнаўляюць транспарт. На фінальнай стадыі знаходзіцца рэарганізацыя СВК “Верхалескі”, які будзе далучаны да СВК “Раданежскі”. Кіраўнік ААТ “Агра-Кобрынскае” Сяргей Селівестраў даў згоду далучыць да сваёй гаспадаркі СВУ “Мінянка”, які належыць ААТ “Кобрынрайаграсэрвіс”. Сёлета ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод” узяло шэфства над СВК “Батчы”. Пазітыўная тэндэнцыя назіраецца ў шчыльнай і сістэмнай рабоце з арабскімі інвестарамі, якія маюць намер укласці пэўныя фінансавыя сродкі ў развіццё СВК “Любань”, “Дружба народаў” і “Кутузаўскі”. Адпаведныя дамоўленасці падпісаны.На сучасным этапе і ў перспектыве галоўным прыярытэтам у сельскай гаспадарцы бачу якасны рывок у жывёлагадоўлі. З пачатку года назіраліся сур’ёзныя праблемы па тэхналагічных прыбаўленнях у вазе буйной рагатай жывёлы. Асноўная прычына, якую прыходзілася канстатаваць, – недахоп якаснай кармавой базы і адсутнасць прагрэсіўнай вытворчай тэхналогіі. Цяпер гэта пытанне паступова ўдаецца вырашаць. У большасці гаспадарак назапашана больш за 20 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву, а ў некаторых сельгаспрадпрыемствах гэта лічба дасягнула 42 цэнтнераў, як, напрыклад, у СВК “Раданежскі”. Нямала трэба яшчэ працаваць і па нарошчванні пагалоўя буйной рагатай жывёлы, вырашэнні праблем з прадуктыўнасцю малочнай жывёлагадоўлі. Асаблівую заклапочанасць выклікае сітуацыя з фінансава-эканамічным становішчам ААТ “Кобрынская птушкафабрыка”. Пратэрмінаваная запазычанасць тут склала каля 13 млрд. рублёў. Усяго толькі на 60 працэнтаў удалося нарыхтаваць кармоў для патрэб прадпрыемства. На сучасным этапе рыхтуецца пакет дакументаў для ініцыяцыі санацыі птушкафабрыкі. Спадзяемся, што разам з антыкрызісным кіраўніком знойдзем годны варыянт выхаду з сітуацыі, якая склалася.Хочацца ў чарговы раз звярнуць увагу на ўзровень вытворчай дысцыпліны, асабліва ў сельскай мясцовасці. Перыяд, калі п’яніцу ці прагульшчыка ўгаворвалі не звальняцца з работы і нават дзесьці даравалі яму грубыя парушэнні, закончыўся. У шэрагу гаспадарак праводзяцца своеасаблівыя кастынгі на тую ці іншую вакансію. Конкурс высокі.- Аляксандр Іванавіч, якія змены адбыліся ў прамысловасці раёна?- З задавальненнем адзначу, што для ААТ “Кобрынская прадзільна-ткацкая фабрыка “Ручайка” выканана рэструктурызацыя запазычанасці перад ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” на ўмовах пагашэння асноўнай запазычанасці са студзеня 2015 г. па ліпень 2016 г. і пратэрмінаваных працэнтаў. Адкрыта аднаўляемая крэдытная лінія для папаўнення абаротных сродкаў. Гэта няпростае пытанне вырашалася на працягу года. Са жніўня 2014 года на прадпрыемстве адзначаецца пазітыўная дынаміка вытворчасці прамысловых тавараў. Вытворчасць прадукцыі аджыццяўляецца на сучасным італьянскім абсталяванні фірмы «ISOTEX». Фабрыка знаходзіцца ва ўмовах жорсткай канкурэнтнай барацьбы з вытворцамі з Кітая і Карэі, але шукае альтэрнатыўныя рынкі збыту.Стабільна з пачатку года развіваецца і ААТ “Швейная фірма “Лона”. Прадпрыемствам асвоены шэраг новых запатрабаваных на рынку мадэляў дзіцячага і дарослага адзення. У 2014 годзе радуе вытворчая дынаміка ў ААТ “Кобрын-Дызайн”. Планава ў раёне ажыццяўляецца мадэрнізацыя прамысловасці. На гэтыя мэты за студзень - верасень суб’ектамі гаспадарання было накіравана 231,2 млрд. рублёў, ці 99,2 працэнта ад запланаванага аб’ёму. Дакладна, па ўсіх параметрах выконваецца план-графік мадэрнізацыі вытворчасці на ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, “Кобрынаграмаш”, “Кобрын-Дызайн”.Праблемы, якія адчувае прамысловы комплекс раёна на сучасным этапе, характэрныя ў цэлым для прамысловасці краіны. Сярод іх і невыкананне дагаворных абавязацельстваў па разліках за пастаўленую прадукцыю паміж суб’ектамі гаспадарання, што вядзе да вымывання ўласных абаротных сродкаў і вымушае прадпрыемствы карыстацца дарагімі крэдытнымі рэсурсамі. Складаная эканамічная сітуацыя склалася ў 2014 годзе на ААТ “САЛЕО-Кобрын” (ААТ “Гідрамаш”). За студзень - верасень 2014 года аб’ём вытворчасці прадукцыі значна ніжэй адпаведнага перыяду мінулага года. На прадпрыемстве існуе недахоп уласных абаротных сродкаў у выніку высокай дэбіторскай запазычанасці флагманаў прамысловай індустрыі Беларусі: ААТ “МТЗ”, “Гомсельмаш”, “Бабруйскі завод трактарных агрэгатаў”. Зразумела, што і на нашых прадпрыемствах існуюць такія праблемы. Зношанасць абсталявання, высокая затратнасць вытворчасцяў, істотная імпартаёмістасць, недастатковы ўзровень рэалізацыі прадукцыі, у тым ліку і на экспарт. Усё гэта ўплывае на канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі і фінансавы вынік.Сур’ёзную заклапочанасць у мяне як у старшыні райвыканкама выклікае работа маркетынгавых службаў на некаторых прадпрыемствах, спецыялісты якіх павінны валодаць замежнымі мовамі, сучаснымі спосабамі продажу. Калі не маем гэтага - адразу ж “зашкальвае” нарматыў запасаў гатовай прадукцыі на складах. Дык навошта даводзіць справу да крытычнай адзнакі?!- Як Вы ацэньваеце сітуацыю ў прадпрымальніцкім асяроддзі Кобрыншчыны?- Развіццё бізнесу – прыярытэтны вектар эканамічнай палітыкі Кобрыншчыны. Па стане на 1 кастрычніка 2014 года ў раёне ажыццяўляюць сваю дзейнасць 761 арганізацыя-суб’ект малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і 2182 індывідуальныя прадпрымальнікі. За гэты год зарэгістравана 39 новых прадпрыемстваў, у тым ліку дзевяць з іх - з прамысловым накірункам. Напрыклад, ТАА “КераніксПрам” (вытворчасць пластмасавых вырабаў для патрэб будаўніцтва), ТАА “ПліткаЛімітэд”, дзе наладжана вытворчасць гранітных пліт, ТАА “Майстэрня металу” і інш.З мэтай прыцягнення інвестыцый суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва прапаноўваюцца аб’екты нерухомасці, якія не выкарыстоўваюцца, і перспектыўныя зямельныя ўчасткі на тэрыторыі Кобрынскага раёна. Для падтрымкі бізнесменаў райвыканкамам створана адпаведная інфармацыйная база маёмасці. Яна прызначана для продажу і здачы ў арэнду. Падрабязная інфармацыя размешчана он-лайн на сайце Брэсцкага аблвыканкама на старонцы “Кобрынскі райвыканкам”.Летась суб’ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва рэалізоўваліся 6 інвестыцыйных праектаў, два з якіх на агульную суму 53,6 млрд. рублёў паспяхова завершаны: СТАА “НафтаХімТрэйдынг” (будаўніцтва аўтазаправачных станцый) і ТАА “Усход” (будаўніцтва магазіна “Санта-50” па вул. Дзяржынскага).Хочацца падзякаваць прадпрыемствам усіх форм уласнасці за шматгранную дапамогу і падтрымку раёна. Радуе, што добрыя справы робяць і прадпрымальнікі, якія неабыякава ставяцца да лёсу Кобрыншчыны. Прыемна адзначыць, што такіх людзей нямала. Шэраг камерцыйных структур, якія займаюцца выпускам пластыкавых вокнаў, ахвераваў сваю прадукцыю для праваслаўнага храма, які ўзводзіцца па вул. Інтэрнацыянальнай, а таксама для Спаскага манастыра. Прыемна, што нашы землякі, якія ўжо не жывуць на Кобрыншчыне, таксама займаюцца дабрачыннасцю. Так, прадпрымальнік з Расіі Алег Анатольевіч Нікіцін на рэканструкцыю і аднаўленне праваслаўных храмаў выдзеліў 300 млн. рублёў. Гэтыя грошы паступілі адрасатам. Мяне заўсёды абурае, што некаторыя грамадзяне ніяк не жадаюць усвядоміць, што любая ініцыятыва ці рэальная справа з іх боку як ніколі патрабуецца для ўмацавання Кобрыншчыны, далейшага яе дынамічнага развіцця. Мы ўсе жывем у адным раёне. І праблемы ў нас – агульныя.- Сацыяльная сфера таксама адыгрывае важную ролю. Што ў ёй адбылося новага сёлета?- За кошт раённага бюджэту капітальна адрамантаваны СШ № 8, зал лёгкай атлетыкі КСДЮШАР, спартыўны манеж у СШ № 2. Актыўна вядуцца будаўнічыя работы ў РФАУ “Атлант”, дзіцячым садзе № 16. Усе гэтыя мерапрыемствы ў асноўным будуць завершаны да канца бягучага года. У дзіцячым садзе-СШ № 4 вядуцца работы па ўладкаванні дзвюх дадатковых груп дзіцячага сада. Выкананы планавыя рамонты ўсіх навучальных устаноў, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці. Устаноўлены энергазберагаючыя свяцільні, падведзена гарачая вада. Планавая мадэрнізацыя адбываецца ў медыцыне. Ажыццяўляецца рэканструкцыя Лелікаўскага ФАПа, у цэнтральнай і дзіцячай паліклініках функцыянуюць новыя рэнтгенкабінеты з адпаведным сучасным абсталяваннем. Нядаўна ў Кобрынскай ЦРБ адкрыта аддзяленне гемадыялізу. Новае абсталяванне для ўльтрагукавога даследавання з дня на дзень паступіць у дзіцячую бальніцу. Для радзільнага дома набыта абсталяванне для вентыляцыі лёгкіх для немаўлят. Станцыя хуткай дапамогі атрымала аўтамабіль “Газэль”. На патрэбы Кобрынскай ЦРБ набыты чатыры новыя аўтамабілі “Ніва”. Можна пералічваць і далей важныя справы, якія ўлада заўсёды трымае на кантролі.- З лічбаў статыстыкі зваротаў грамадзян адчуваецца, што старшыня райвыканкама карыстаецца аўтарытэтам сярод насельніцтва. З пачатку 2014 года вы прынялі 785 чалавек!- Ведаеце, заўсёды адзначаю, што папулярным быць проста, але ўмець адказваць за кожнае слова і абяцанне – задача суперскладаная! Перакананы, што для раённай улады другарадных задач не існуе. Любой зварот ці тэлефанаванне дэталёва вывучаюцца, прымаецца ўзважанае рашэнне. На сходах жыхароў у аграгарадках неаднаразова публічна заяўляў, што не трэба шукаць блату са старшынёй райвыканкама! У грамадстве неабходна назаўсёды скасаваць такую паразітуючую з’яву, як утрыманства. Важна заўсёды ведаць і памятаць, што бюджэт раёна не гумовы і такім не будзе ніколі! Грошы будуць накіроўвацца толькі на вырашэнне тых пытанняў, якія проста немагчыма адкладваць у доўгую скрынку. Ёсць праблема – імкніцеся яе вырашыць, як кажуць, усёй грамадой! Аб’ядноўвайцеся разам з сельскай уладай, прадпрымальнікамі, грамадскасцю і вось такой магутнай суполкай імкніцеся самастойна вырашыць лакальнае пытанне. Трэба добра ўсвядоміць простую, але дзейсную формулу: перш чым прасіць, трэба штосьці для гэтага прыкласці.Раман МЕЛЬНІК.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях: