24 лютага ў доме сям’і Васіля Ульянавіча і Ганны Нікандраўны Жук з вёскі Лелікава, нягледзячы на халоднае надвор’е, было цёпла і ўтульна: у вокны заглядала сонца, а ў пакоях вітаў водар шчасця – шчасця ісці поруч 55 гадоў, дапамагаючы адзін аднаму.
Некалі мясцовыя Ганна і Васіль спаткаліся першы раз на бартавой машыне па дарозе ў родную вёску. Тады, халоднай восенню, у дзяўчыны замёрзлі рукі, хлопец прапанаваў пальчаткі, але з-за сарамлівасці Ганна іх не ўзяла. А пасля, ідучы па дарозе дадому са знаёмай, якая таксама была на той машыне, пачула ад яе словы: “Паглядзіш, ён цябе замуж возьме”!
Так, пасля некалькіх месяцаў спатканняў, вячорак з танцамі і сур’ёзнымі размовамі, 24 лютага 1966 года маладыя зарэгістравалі шлюб. У гэты дзень адзначалі яшчэ адно свята - дзень нараджэння Васіля Ульянавіча. Так што кожны год гэтая дата нясе двайную радасць.
- Мой Васіль быў сур’ёзны хлопец, - расказвае Ганна Нікандраўна падчас святочнага віншавання з ізумрудным вяселлем – пару прыехалі ўшанаваць старшыня Дзівінскага сельвыканкама Вера Пікула і кіраўнік спраў сельвыканкама Наталля Вакульчык. – Ён адразу сказаў, што ходзіць да мяне не проста так, будзе чакаць, калі я дам згоду на шлюб.
Успаміны ўзнікалі адзін за адным, расчулены Васіль Ульянавіч выцірае слёзы з вачэй.
Абое былі мясцовыя, кожны – з вялікай сям’і. За плячамі жаніха ўжо была праца па размеркаванні пасля Маларыцкага вучылішча ў далёкім Казахстане і армія. Таму 25-гадовы ўзрост быў якраз для жаніцьбы.
Ганна ж таксама да таго часу паспела з’ездзіць на заробкі ў далёкі Саратаў, дзе два гады працавала поварам. Але дзяўчыну цягнула на радзіму. Таму вярнулася дадому, дзе і знайшла свайго Васіля.
Усё жыццё сям’я працавала ў мясцовым калгасе. Васіль Ульянавіч - механізатарам, Ганна Нікандраўна была і паляводам, і цялятніцай, падчас жніва станавілася мужу памочнікам на камбайне.
На самым відным месцы, на стале пад абразамі акуратна ляжаць граматы, пасведчанні аб уручэнні юбілейных медалёў, у тым ліку медаля “За доблесную працу”, кнігі, падораныя прадстаўнікамі духавенства. На гэтым стале – асобная частка жыцця сям’і, у прыватнасці - гаспадыні. Па стане здароўя цяжкую працу ў калгасе прыйшлося пакінуць, тады жанчына занялася грамадскімі справамі, якія не пакідае і сёння.
Зараз Ганна Нікандраўна – стараста вёскі Лелікава, актыўна займаецца не толькі штодзённымі справамі, а плённа працуе над рашэннем пытання па рэканструкцыі згарэлага храма.
Вера Пікула адзначае, што стараста – вельмі адказная і сапраўды яе правая рука ў Лелікава. Мабыць таму і прывезла ёй у якасці падарунка вялікі фотаальбом-летапіс аб дзейнасці Ганны Нікандраўны.
За 55 гадоў сумеснага жыцця ёсць на што азірнуцца, ёсць пра што расказаць, але самае галоўнае, што побач трое любімых дзяцей – дочкі Валянціна і Алена, сын Аляксандр, унукі і праўнукі, якія з’яўляюцца самым дарагім для іх багаццем.
Людміла ПАШКОВІЧ
Фота аўтара
Поделиться в соцсетях: