Сб, 08 февраля 2025
Прогноз погоды

Пра чацвярых дзяцей кабрынчане Сяргей і Таццяна Рамановіч і не марылі.

21/05/2013

Сям’я Рамановіч: “Дзеці – гэта ўзнагарода ад Бога”Вялікая сям’я жыве па вуліцы Леванеўскага. Мяне сустракае старэйшая дзевяцігадовая Віка, у залу праводзіць шасцігадовая Лера разам з двухгадовай Эміліяй. У калысцы ляжыць іх малодшы брацік - Даніку крыху больш за месяц.

Тут жа і тата з мамай. Маладая сямейная пара. Ёй 32, яму – 34. Абодва - педагогі. Пазнаёміліся яшчэ ў студэнцтве, калі вучыліся ў Баранавіцкім педагагічным каледжы (зараз Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт). У Сяргея з Навагрудка спецыялізацыя “англійская і руская мовы”, у кабрынчанкі Таццяны – “нямецкая мова”. Цяпер Сяргей працуе выкладчыкам англійскай мовы ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, а Таццяна да дэкрэтнага адпачынку працавала спачатку ў СШ №4 г. Кобрына, а потым у Кіселявецкай сярэдняй школе. Сям’я першапачаткова жыла ў Баранавічах. Але пасля нараджэння дзетак вырашылі пераехаць у Кобрын, бліжэй да бацькоў Таццяны.

- Трэба была бацькоўская дапамога. Таму што ў Баранавічах з бабуль-дзядуль нікога не было, - расказвае Сяргей. - У Кобрыне жылі разам з дзвюма дачушкамі ў бацькоу Таццяны, пакуль з домам вырашалася пытанне.

Двухгадовая Эмілія нарадзілася ў той год, калі сям’я ўрэшце рэшт пераехала ў свой уласны дом.

- Вядома, у сям’і педагогаў заробкі невысокія. І свае цяжкасці былі. Але ў нас ёсць падтрымка і ад бацькоў, і ад дзяржавы. Ды і самі мы не лайдакі. Вось агарод свой садзім, працуем на ім, - лічаць Рамановічы. - Таму адразу можам сказаць, што невысокі заробак - гэта не прычына абмяжоўваць колькасць дзяцей. Тым больш, што мы хрысціяне і жывем паводле законаў Бібліі. А ў ёй сказана, што дзеці - гэта падарунак Бога.

Асабліва такія цудоўныя, лічаць Сяргей і Таццяна. Старэйшая Віка - больш сур’ёзная. У трэцім класе вучыцца практычна на “выдатна”, яшчэ паспявае і маме дапамагчы з малодшымі, і ў музычную школу схадзіць. Лера, паводле слоў мамы, больш гаспадарлівая - заўжды дапаможа прыбраць ці прыгатаваць. Хутка пойдзе ў першы клас. А вось Эмілія - любіміца сваіх сёстраў - непаседлівая гарэза. То малюнкі на шпалерах зробіць, то яшчэ ў якую неспадзяванку трапіць.

Некалькі месяцаў таму ў сям’і з’явіўся татаў памочнік - Данік.

- Дзяўчаты ў нас нараджаліся адна за другой. Усё хацелася хлопчыка. Але мы ўжо неяк і не спадзяваліся, - распавядае Сяргей.

- І ведаеце, Данік аказаўся сапраўдным цудам у нашай сям’і, - усміхаецца Таццяна. - У мінулым годзе пасля навагодняй ночы ў мяне пачалася моцная алергія - крапіўніца, кашаль. Я проста задыхалася. Прыязджала “хуткая дапамога” і мяне адкачвала. Рабілі гарманальныя ўколы і г.д. І дзе я толькі ні была, якіх толькі спецыялістаў ні абышла! Ніхто не мог дапамагчы. І са студзеня да жніўня я была толькі на ўколах і таблетках. І тут у канцы жніўня я даведалася, што цяжарная. Уявіце мой страх. Баялася за сябе. Як я вынашу, якое дзіця народзіцца? Пра аборт і не думала. Мама сказала, можа, праз гэтага дзіцёнка Бог падорыць выздараўленне. Я стала на калені, кажу: “Божа, я вельмі хачу гэтае дзіця, толькі зрабі так, каб яно нарадзілася здаровым”. І нейкі цуд адбыўся - з таго дня я ні адной таблеткі не выпіла. Алергія прайшла. Данік наш нарадзіўся здаровым. Таму хочацца ўсім сказаць: “Не бойцеся нараджаць дзяцей - гэта сапраўдны цуд!”

Настасся ЗАНЬКО.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу