Ср, 13 ноября 2024
Прогноз погоды

Павел Латушка: “Алімп прафесійнага мастацтва без удзелу рэгіёнаў існаваць не можа”

10/12/2010 Творчество

Менавіта  з гэтай фразы міністр культуры Беларусі распачаў гутарку з адміністрацыяй і супрацоўнікамі СТАА “ВП Палессе”, прадстаўнікамі СМІ ў час дзелавой сустрэчы, якая 3 снежня адбывалася ў Кобрыне.

Міністр культуры, як член урада, тэзісна далажыў аб станоўчых тэндэнцыях, якія склаліся за апошнюю пяцігодку ў эканоміцы краіны і сацыяльнай сферы, з задавальненнем адзначыў, што пазітыўную дынаміку мае дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі, павышаецца працягласць жыцця.

- Мы маем права ганарыцца тым, што ў нас ёсць такая багатая  спадчына. Больш за 5000 аб’ектаў увайшлі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, і яшчэ 10000 чакаюць сваёй чаргі на атрыманне такога статуса. Замкі, палацы, сядзібы шляхцічаў з’яўляюцца сведчаннем нашых высакародных каранёў, напамінам аб тым, што беларусы ў свой час вырашалі лёс не толькі сваёй дзяржавы, але і значнай часткі Еўропы, - адзначыў Павел Паўлавіч. –  Сёлета, 16 снежня, пасля глабальнай рэканструкцыі адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Мірскага замка – жамчужыны Беларусі, у ліпені наступнага года – Нясвіжскага замка. У самы бліжэйшы час па ініцыятыве Міністэрства культуры ўрадам будзе прынята адпаведная дзяржаўная праграма да 2015 года, у якой сістэмна акрэслены галоўныя накірункі  развіцця як сталічнай, так і рэгіянальнай культуры, без якой Алімп прафесійнага мастацтва існаваць не можа. У прыватнасці, будзе ўведзена сістэма падатковых ільгот для тых суб’ектаў гаспадарання, якія будуць арганізоўваць культурную дзейнасць. Важна прыцягнуць у гэты працэс прадстаўнікоў  прыватных форм уласнасці.

Высокую ацэнку Павел Паўлавіч даў у цэлым рабоце культуры Кобрыншчыны за апошнюю пяцігодку, якая займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. Але, адзначыў міністр, гэта не прычына, каб спыняцца на дасягнутым. Трэба абавязкова распрацоўваць новыя, сучасныя падыходы дзейнасці на перспектыву. Спрыяльнае геаграфічнае становішча, музейны і аграэкатурыстычны  патэнцыял, а таксама ўсе тыя пазітыўныя зрухі, якія адбыліся з нагоды правядзення рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2009”, даюць кобрынскай культуры дататковыя бонусы.

Павел Латушка адказаў на ўсе пытанні з залы, а пасля азнаёміўся з  вытворчасцю СТАА “ВП Палессе”. Ён быў прыемна здзіўлены наяўнасцю ў Кобрыне такой унікальнай вытворчасці, а таксама поспехамі калектыву мастацкай самадзейнасці прадпрыемства.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Павел Латушка (у цэнтры) разам з Андрэем Гольцманам і намеснікам старшыні райвыканкама Валянцінам Трубчыкам у час экскурсіі па прадпрыемстве.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу