На ўскрайку вёскі Грушава стаіць акуратная хатка, якая выбіваецца з агульнага пейзажу зімовай вёскі. Тут жыве 96-гадовая Лідзія а Карасюк, жыццё якой варта сцэнарыяў для ваенных фільмаў.
Лідзія Карасюк з дачкой Галінай Аляксандраўнай акунаюцца ў мінулае. Фота: Людміла Пашковіч
Лідзія Андрэеўна - вязень вайны, у свой час была на прымусовых работах у Германіі. Ёй цяжка гаварыць, таму на дапамогу прыходзіць дачка Галіна Аляксандраўна, якая, адпрацаваўшы амаль сорак гадоў нафтавіком на Гомельшчыне, прыехала ў родны дом, каб пастаянна быць побач з матуляй.Вайна застала семнаццацігадовую Лідзію напярэдадні выпускнога. Вучылася яна ў сельскагаспадарчай школе ў вёсцы Імянін на Драгічыншчыне, у якую яе накіравалі як здольную вучаніцу. А родам была з Худліна.
- Дырэктар сказала нам аб тым, што пачалася вайна. На наступны дзень нас павінны былі эвакуіраваць машынамі, але не атрымалася, - успамінае бабуля.
Лідзія пешшу вярнулася ў родны Худлін, дзе яе чакалі маці, два старэйшыя браты і малодшыя сёстры. Калі пачалася адпраўка моладзі ў Германію, у Лідзіі была магчымасць застацца дома. Яна прыглянулася нацысцкаму прыслужніку. Яе адмова і вырашыла яе далейшы лёс. Лідзію і яшчэ некалькі маладых людзей з Худліна і суседніх вёсак адправілі на прымусовыя работы ў Германію. Дзяўчына трапіла на службу да немцаў-фермераў.
- Пасля таго, як нас прывезлі, пачалася “санітарная апрацоўка”, – расказвае Лідзія Андрэеўна. – У баню нас вялі ланцужком. Адзін з немцаў пачаў да мяне заляцацца, на што я катэгарычна адрэагавала. Немец наставіў аўтамат, але жанчыны сталі лямантаваць, прыкрылі мяне гурбой, тым самым выратавалі жыццё.
Нямецкія гаспадары да Лідзіі адносілія нядрэнна. Працаваць прыходзілася шмат: дагдядала дом, гаспадарку, дзе былі куры, свінні, агарод, больш за дзясятак кароў. Ад працы нямелі рукі, і каб боль не быў такім моцным, Лідзія апускала іх у сцюдзёную ваду.
Побач у нямецкіх сем’ях жылі такія ж работнікі. Шмат разоў моладзь хацела збегчы, але разумела, што гэта вельмі небяспечна. Тады яны вырашылі прытруціць сябе адварам тытуню, маўляў, гаспадары ўбачаць, што слабыя, і адправяць дадому. Яны так і зрабілі – наварылі адвару і выпілі яго. На наступны дзень, зусім знясіленых, гаспадары адвезлі іх у бальніцу, дзе доктар-паляк, зразумеў, у чым была справа. Пасля вяртання дзяўчыны з бальніцы нямецкія гаспадары напісалі пісьмо Лідзіным родзічам.
У Худліне ў сям’і нашай гераіні на той час жылі немцы, якія кожную раніцу забіралі малако і яйкі. Яны ж і пераклалі маці ліст з нямецкай мовы і напісалі адказ.
Новы ліст матулі Лідзіі пераклала каталіцкая інакіня з Гарадца. Яна сказала, што ўсё добра, і параіла гэты ліст захаваць.
- І сапраўды, у адзін дзень ён выратаваў жыццё усёй сям’і - у хату з вобыскам прыйшлі нацысты. Сталі распытваць маці, дзе яе сыны, ці здае сям’я падатак. А паперы на падатак якраз ляжалі за абразамі, адкуль і выпаў ліст. Прачытаўшы яго, немец пашкадаваў сям’ю. Так усе засталіся жывымі.
Бліжэй да Перамогі Лідзію перавялі ў іншую нямецкую сям’ю, каб яна даглядала за дзецьмі. Калі лінія фронту наблізілася да Германіі, немцы пачалі эвакуіравацца. Тады Лідзія і іншыя вязні пачалі думаць аб тым, як вярнуцца на радзіму.
Пасля прыходу савецкай арміі, прайшоўшы неабходныя праверкі, былыя вязні адправіліся на радзіму.
У родны Худлін Лідзія Андрэеўна вярнулася з падарваным здароўем. З часам дзяўчына выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок, працавала ў мясцовай гаспадарцы.
Галіна Аляксандраўна дастала медалі матулі і бацькі, якія беражліва захоўваюцца ў сям’і. Чорна-белыя фотаздымкі нагадваюць пра пасляваенныя гады.
Жыццё Лідзіі Карасюк – прыклад мужнасці. Яна і яе сям’я часта дзеляцца ўспамінамі з маладымі, таму што кожны павінен ведаць, якой была тая вайна, раны якой нават праз 75 гадоў не зажываюць.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Поделиться в соцсетях: