Леанід Глушко.
Вочы ў паэта зоркія: жоўты ліст на бярозе першым заўважыць, маленькага павучка ў мокрай ад ранішняй расы траве не растопча; слых - востры: ні адзін гук у паветры не прапусціць; душа - тонкая, параніць, закрануць за жывое яе вельмі лёгка. Праблемы народа, боль народа – і яго праблемы - паэта, патрыёта, грамадзяніна Леаніда Глушко.Усё сваё жыццё, а нядаўна Леаніу Фёдаравічу споўнілася 80 гадоў, ён непарыўна звязаны думкай і сэрцам з Беларуссю. Кобрыншчына, як частка вялікай Радзімы, стала родным домам для юнака з Гомельшчыны ў 1968 годзе – у сілу пэўных абставінаў на сямейным савеце было прынята рашэнне пераехаць з Расіі на радзіму жонкі Аляксандры. Тут выгадаваліся яго дзеці – сыны Сяргей і Юрый, дачка Эла.
Усхваляваны аднойчы цёплым подыхам вясенняга ветрыку, які і наклікаў у сэрцы юнака першыя вершаваныя радкі, Леанід Глушко не ўяўляе свайго жыцця без паэтычных вобразаў. Пазбавіць яго магчымасці пісаць – тое самае, што пазбавіць яго зроку, слыху. Леанід Фёдаравіч шчаслівы, што муза не пакідае яго, што ён вольны ў сваім выбары, а родныя і блізкія заўсёды падтрымліваюць і натхняюць на новыя вершы, тэм для якіх – невычэрпная крыніца. Адно толькі ўласна перажытае, а гэта і цяжкае ваеннае дзяцінства, складаныя пасляваенныя гады, якія прымусілі маці з дзецьмі пакінуць родныя мясціны і асесці ў чужым доме на Століншчыне, пошукі лепшай долі далёка за межамі Беларусі, праца на шахтах, сустрэча на вакзале ў Харкаве з дзяўчынай, што стане пасля сямі доўгіх гадоў перапіскі яго верным спадарожнікам па жыцці, можа скласці вялікі зборнік.
Ад 1957 года, калі быў надрукаваны ў столінскай раённай газеце “Ленінскі шлях” першы верш, да нашых дзён у творчым багажы паэта назбіралася больш за 1400 вершаў. І гэта толькі тыя, што былі надрукаваны ў розныя часы ў перыядычных выданнях Беларусі і Расіі і ўвайшлі ва ўласны зборнік “А я з вамі”. А колькі яшчэ твораў чакаюць свайго часу, каб дайсці да чытача. Пакуль што сваю ацэнку яны атрымалі толькі ад самых блізкіх Леаніда Глушко.
- Я не імкнуся хутчэй усё надрукаваць. Кожнаму твору – свой час”, - сціпна заўважае паэт, разгортваючы тоўсты сшытак. – Зараз больш пішу на беларускай мове, а пачынаў з рускай. Нават не ведаю, ад чаго гэта залежыць. Вобразы неяк самі падказваюць, на якой мове выказаць свае пачуцці.
На пытанне, хто для Леаніда Фёдаравіча з’яўляецца прыкладам для пераймання майстэрства, заўважае:
- Безумоўна, нашы класікі Янка Купала і Якуб Колас. Іх мова – як цудоўная рачулка, што нясе свае чыстыя воды ў бязмерныя прасторы чалавечай душы. Рускую класіку таксама люблю – Мікалая Някрасава, Фёдара Цютчава, паэзію Уладзіміра Маякоўскага. Завочна меў зносіны з Яўгеніяй Янішчыц - дарэчы, лічу яе лепшым прадстаўніком жаночай паэзіі ў Беларусі - яна мне рэкамендацыі добрыя як маладому паэту давала. Што магу сказаць пра сучасных беларускіх паэтаў? Ёсць пэўны патэнцыял у іх. Ім і тварыць будучыню.
Алена БАКУН.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: