Прогноз погоды
Ср, 11 марта 2026

От сказок СНГ до басен Крапивы: чем удивит издательство «Мастацкая літаратура» на книжной выставке в Минске

10/03/2026 Беларусь

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» на XXXIII Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш рыхтуе насычаную праграму. Сярод галоўных навінак — кніга «Сказочный мир. Сказки народов СНГ», прымеркаваная да 35-годдзя стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Выданне змяшчае ў сабе казкі ўсіх народаў, што ўваходзяць у СНД, а яго прэзентацыя адбудзецца на галоўнай сцэне выставы, паведаміў дырэктар выдавецтва Алесь Бадак.

10 сакавіка, "Кобрынскі веснік"/ 

Ён дадаў:

— Адной з важных падзей таксама стане падвядзенне вынікаў конкурсу маладых аўтараў «Маладзік», арганізаванага Саюзам пісьменнікаў Беларусі, выдавецтвам «Мастацкая літаратура» і часопісам «Маладосць» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Пераможцамі сталі тры паэты і тры празаікі.

Конкурс накіраваны не толькі на вызначэнне лепшых, але і на падтрымку маладых творцаў, з якімі плануецца працяглае супрацоўніцтва. Лаўрэаты будуць друкавацца ў літаратурных выданнях, а ў перспектыве — выпускаць уласныя кнігі.

Асобны блок праграмы прысвечаны серыі «Нацыянальная літаратурная прэмія». Тры выдавецтвы — «Мастацкая літаратура», «Беларусь» і «Звязда» — аб’ядналі кнігі лаўрэатаў у адзіным афармленні, каб стварыць паўнавартасную бібліятэчку пераможцаў найпрэстыжнейшай літаратурнай узнагароды краіны.

Ад «Мастацкай літаратуры» на выставе будуць прадстаўлены «Выбраныя творы» Уладзіміра Гаўрыловіча і Віктара Кунцэвіча, а таксама дзіцячая кніга вершаў Міхася Пазнякова.

— Да 130-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы запланавалі прэзентацыю новага перавыдання яго баек, вершаў і эпіграм у серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі», — падкрэсліў Алесь Бадак.

— Удзел у імпрэзе прымуць унучка пісьменніка Алена Атраховіч і артыст Алег Вінярскі, які прачытае творы класіка. Цікава, як моладзь успрыме творы, напісаныя больш за стагоддзе таму, але мы ўпэўненыя: гумар і сатыра Крапівы застаюцца жывымі і зараз.

Нагадаем, на XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе ў сталіцы з 17 па 22 сакавіка, беларускія выдавецтвы прадставяць дзясяткі новых праектаў — ад маштабных гістарычных і культурных выданняў да сучаснай прозы, дзіцячых кніг і інтэрактыўных пляцовак.

У праграме — прэзентацыі, сустрэчы з аўтарамі, аўтограф-сесіі і спецыяльныя ініцыятывы, што адлюстроўваюць асноўныя тэндэнцыі развіцця айчыннай літаратуры і выдавецкай справы. 

Источник sb.by

Фото из открытых источников (иллюстрация)

Поделиться в соцсетях:


Популярные материалы за месяц

Последние новости