Парадак – задача агульная
Адчуванне таго, што апынуўся ў мясцовасці, дзе стан правапарадку знаходзіцца на асаблівым кантролі, прыходзіць яшчэ на пад’ездзе да Дзівіна. Новы кантрольны пост пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, ветлівыя пагранічнікі і аператыўная праверка дакументаў гавораць самі за сябе – мы набліжаемся да памежжа з суседняй краінай. Аднак, згадзіцеся, каля кожнага дрэва не паставіш па пагранічніку, а кожны цёмны куток проста фізічна немагчыма забяспечыць міліцыянерам. Між тым, у сілавых структур у гэтай неабходнай справе ёсць добрыя памочнікі. Гэта выдатна пацвердзіла сустрэча з удзелам прадстаўнікоў Пінскага пагранатрада, Кобрынскага РАУС, мясцовай улады і жыхароў аграгарадка, якая нядаўна прайшла на Дзівіншчыне. Пачалося мерапрыемства з канструктыўнага дыялога, напрацягу якога пагранічнікі пазнаёмілі дзівінчан з новаўвядзеннямі, якія чакаюць нас з уступленнем у сілу з 1 студзеня будучага года Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.10.2016 г. “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь”, у якім рэалізованы прапановы Дзяржпагранкамітэта аб адмене дзяржаўнай пошліны за знаходжанне ўсіх грамадзян, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у пагранічнай зоне. Як адзначылі пагранічнікі, з 1 студзеня такім катэгорыям грамадзян пры наведванні рэжымнай тэрыторыі патрэбна проста мець з сабой пашпарт ці від на жыхарства. Дзяржаўная пошліна ў памеры 0,4 базавай велічыні ўстанаўліваецца за знаходжанне фізічных асоб у пагранічнай паласе. Плаціць яе не будуць жыхары пагранічнай зоны, работнікі арганізацый, якія вядуць гаспадарчую дзейнасць у пагранічнай паласе і шэраг іншых катэгорый грамадзян, для чаго падрыхтаваны адпаведны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, тэрмін дзеяння прапускоў у пагранічную паласу павялічваецца з 1 да 2 гадоў. Зменіцца парадак наведвання пагранічнай зоны і пагранічнай паласы і для іншаземных грамадзян: тэрмін дзеяння пропуску ў пагранзону павялічыцца з 1 да 2 гадоў, а стаўка дзяржаўнай пошліны за яго выдачу складзе 0,4 базавай велічыні. Ва ўрачыстай атмасферы ў ходзе сустрэчы мясцовым жыхарам, якія найлепшым чынам вызначыліся ў плане работы па ахове законнасці і правапарадку, былі ўручаны пасведчанні дружыннікаў.- Улічваючы тыя падзеі, якія сёння, на жаль, абдываюцца на тэрыторыі суседняй краіны, мы можам адзначыць, што асноўныя рызыкі, выклікі і пагрозы сёння могуць мець паходжанне менавіта з паўднёвых межаў нашай краіны, - падкрэсліў начальнік аддзела Пінскага пагранатрада падпалкоўнік Аляксей Рабчанка. – Таму самая пільная ўвага сёння ўдзяляецца менавіта надзейнай ахове дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. Людзі, якім сёння былі ўручаны пасведчанні дружыннікаў, ужо напрацягу доўгага часу праяўляюць сябе найлепшым чынам, супрацоўнічаюць з органамі пагранічнай службы і актыўна ўдзельнічаюць як у ахове дзяржаўнай мяжы нашай краіны, так і падтрыманні правапарадку на сваёй зямлі.Як неаднаразова адзначалася напрацягу сустрэчы, такая практыка даўно карыстаецца заслужанай папулярнасцю ва ўсім свеце. І гэта зразумела. Менавіта мясцовыя жыхары, якія добра ведаюць сваю “малую радзіму” і яе жыхароў, могуць першымі заўважыць падазроныя факты ці з’явы, на якія чалавек з іншай мясцовасці проста не зверне ўвагі. Як справядліва адзначыў напрыканцы сустрэчы галоўны спецыяліст Дзівінскага сельвыканкама і камандзір народнай дружыны па садзейнічанні органам пагранічнай службы Аляксандр Сергіевіч, парадак на нашай роднай зямлі павінен хваляваць перш за ўсё нас саміх, і прыняць удзел у яго падтрыманні – задача кожнага сумленнага грамадзяніна.Дзмітрый БЯЛОЎ.НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Аляксандр Сергіевіч, Аляксей Рабчанка, старшыня Дзівінскага сельвыканкама Аляксандр Разанка, участковы інспектар Кобрынскага РАУС Мікалай Дземасюк и мясцовы жыхар Васілій Семаковіч; пасведчанні дружыннікаў уручае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы Пінскага пагранатрада падпалкоўнік Уладзімір Перашчук.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: