Сб, 14 сентября 2024
Прогноз погоды

Не старэюць душой ветэраны

05/03/2012 Праздники Официально

Яны прысвяцілі сваё жыццё Радзіме – і нават сёння, нягледзячы на ўзрост, застаюцца актыўнымі ў грамадска-палітычных справах. Яны абаранялі нашу краіну на палях Вялікай Айчыннай і ўздымалі яе ў цяжкія пасляваенныя часы. Сваёй самаадданай працай, яскравым патрыятызмам і шчырай любоўю да роднай зямлі сталі сапраўдным узорам таго, як трэба ставіцца да сваёй краіны, да свайго народа, да сваіх грамадзянскіх абавязкаў.  У дзень святкавання 25-годдзя ветэранскага руху Кобрыншчыны ветэраны вайны і працы сабраліся разам на ўрачысты сход у Палацы культуры.

З жыццём ветэранскага аб’яднання на Кобрыншчыне ўдзельнікаў сходу пазнаёміў старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Кузіч. На сённяшні дзень у раёне налічваецца больш за 22 тысячы пенсіянераў, з іх  252 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, больш 200 чалавек, якія непасрэдна прымалі ўдзел у баявых дзеяннях. І галоўная задача аб’яднання ветэранаў – абарона сацыяльных патрэб усіх гэтых  людзей.

Высокая грамадская і палітычная актыўнасць – мабыць, самая ўласцівая рыса ветэранаў вайны і працы. І сёння яны працуюць у цесным супрацоўніцтве з сацыяльнымі службамі, з уладай, з кіраўніцтвам прадпрыемстваў і арганізацый. І перадаюць свае веды маладым – выхоўваючы добрую маладую змену. Як падкрэсліў у сваім выступленні  намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, у кожнага з ветэранаў за плячамі вялікае жыццё, і той вопыт, які набылі ў гэтым жыцці ветэраны, з’яўляецца бадай што лепшым настаўнікам для новага, маладога пакалення. І сёння клопат пра патрэбы ветэранаў, узаемадзеянне з ветэранскімі арганізацыямі павінны быць неадрыўнай часткай работы любога кіраўніка.

Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Таццяна Місюк, немагчыма нават гаварыць аб дзейнасці ветэранскага руху без пачуцця вялікай удзячнасці. Менавіта яны, ветэраны, ніколі не застаюцца абыякавымі да таго, што адбываецца ў нашым грамадстве, клапоцяцца пра выхаванне падрастаючага пакалення,  прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах раёна. Яны не могуць быць абыякавымі да жыцця сваёй краіны – таму што вельмі добра ведаюць сапраўдны кошт мірнага неба,  сацыяльнага дабрабыту і грамадскай стабільнасці. Таму што ў свой час дабіваліся менавіта гэтага – не шкадуючы ні сіл, ні жыцця.

У гэты дзень ветэранам уручаліся граматы, прысвячаліся цёплыя словы, песні. Нібыта сапраўдны гімн, у выкананні хору ветэранаў Палаца культуры прагучала песня “Не старэюць душой ветэраны” - добра вядомая і заўсёды любімая кабрынчанамі. Дзякуй вам, дарагія ветэраны, за ваша жыццё, кожны дзень якога вы прысвяцілі жыццю новага пакалення,  нашай Радзіме, нашай будучыні.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу