Мабыць, немагчыма знайсці хоць аднаго кабрынчаніна, які б хоць раз у жыцці не заходзіў у магазін №5, што пад рэстаранам “Кобрын”. Выдатны асартымент тавараў, ветлівы персанал, даступныя цэны і зручнае месца знаходжання падтрымліваюць нязменную папулярнасць гэтага гандлёвага аб’екта ў любы час і робяць яго прывабным для многіх жыхароў нашага горада.
ААТ “Кобрын-Сэрвіс” вядзе сваю гісторыю з 1992 года - з таго часу, калі пачаліся разгалінаванне і дэманапалізацыя гандлёвай сеткі нашага горада. Сёння да гэтага акцыянернага таварыства адносяцца рэстаран “Кобрын”, магазін №5 і кафетэрый каля яго, магазін “Універсам” па вуліцы Дзяржынскага і рэчавы рынак. А нядаўна дырэктар ААТ “Кобрын-Сэрвіс” Аляксандр Яглейка быў узнагароджаны ганаровым знакам “Выдатнік гандлю”.
- Адным з рашаючых фактараў любога гандлёвага прадпрыемства з’яўляецца тавараабарот, - расказвае Аляксандр Сяргеевіч. – Што датычыцца нашай арганізацыі, то ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года гэтая лічба складае каля 125%. Рэнтабельнасць ад рэалізаванай прадукцыі за першае паўгоддзе склала 3,8%. Нельга не адзначыць і сярэднюю гандлёвую надбаўку ў рознічным гандлі – 16,5%. Згадзіцеся, гэта нямнога, і наўрад ці якое-небудзь прыватнае прадпрыемства можа сабе гэта дазволіць. Мы заўсёды ідзем насустрач пакупніку. І напярэдадні Дня работнікаў гандлю я жадаю ўсім нашым супрацоўнікам, каб для іх гэты прынцып заўсёды заставаўся самым галоўным элементам іх прафесійнага крэда.
Зразумела, што ў рэаліях сённяшняга часу, ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі – асабліва ў сферы гандлю – для паспяховай работы становіцца неабходным пошук новых шляхоў. Пастаянную эвалюцыю ў гэтым плане праходзіць і ААТ “Кобрын-Сэрвіс”. Так, з цягам часу кулінарны магазін ператварыўся ў кафетэрый, а ад бара “Піва”, што па вуліцы Акцябрскай, было прынята рашэнне адмовіцца ўвогуле. Сучасныя рысы набыў рэстаран “Кобрын”, у якім было заменена тэхналагічнае абсталяванне, зараз ідзе мадэрнізацыя магазіна “Універсам”. Вялікую ролю тут адыгрывае энергазберажэнне, у сувязі з чым ААТ “Кобрын-сэрвіс” плануе ўстанавіць так званы “вынасны холад” і замяніць халадзільнае абсталяванне. Гэта дасць магчымасць значна пашырыць асартымент тавараў і тым самым амаль на 30% павялічыць тавараабарот.
Змены ў лепшы бок чакаюць і рэстаран “Кобрын”. Як адзначыў Аляксандр Яглейка, сёння рэстаран запаўняецца большай часткай падчас разнастайных свят і ўрачыстасцяў. Каб зрабіць рэстаран больш прывабным для наведвальнікаў, ужо зараз у абедзенны час тут прымяняюцца зніжаныя гандлёвыя надбаўкі. Як паказала практыка, гэта сябе апраўдвае, таму падобныя меры будуць ужывацца і далей. У будучым тут плануецца праводзіць разнастайныя праграмы, каб зрабіць працэс наведвання рэстарана прыемным і цікавым.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: