241,2 кілаграма маку, а таксама 2,8 тоны канапель знішчылі супрацоўнікі Кобрынскага РАУС пад час рэспубліканскай аперацыі “Мак-2011”. У ходзе яе было складзена 13 пратаколаў па арт. 16.1 “Сяўба альбо вырошчванне забароненых да сяўбы раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы” (за аналагічны перыяд 2010 года – 5).
За восем месяцаў бягучага года супрацоўнікамі аддзела наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі было выяўлена 34 злачынствы па лініі наркакантролю. З іх да катэгорыі асабліва цяжкіх адносяцца 15. Сёлета было выяўлена і перакрыта два каналы пастаўкі сінтэтычных наркотыкаў з Польшчы і Расіі.
Супрацоўнікі Кобрынскага РАУС нагадваюць, што артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана пакаранне пазбаўленнем волі ад двух да пяці гадоў за незаконную перапрацоўку, выраб, куплю, перавозку ці перасылку наркатычных сродкаў альбо прэкурсораў без мэты распаўсюджвання. Калі ж вышэйназваныя дзеянні ажыццяўляюцца з мэтай збыту прадукцыі, то гэта караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці. Аналагічныя дзеянні, здзейсненыя службовай асобай ці групай асоб, а таксама збыт наркатычных рэчываў і прэкурсораў на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, папраўчых устаноў, а таксама ў месцах правядзення спартыўных і культурна-масавых мерапрыемстваў караюцца пазбаўленнем волі ад васьмі да дванаццаці гадоў.
А Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны штраф у дваццаць базавых велічынь за сяўбу і вырошчванне раслін, што ўтрымліваюць наркатычныя сродкі.
Пры гэтым асоба, якая добраахвотна здала наркатычныя, псіхатропныя рэчывы ці прэкурсоры і актыўна спрыяла раскрыццю і прадухіленню дадзенага злачынства, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці.
Калі раптам вам стануць вядомымі факты вырошчвання, вырабу і захавання наркатычных сродкаў, паведамляйце па тэлефонах: 7-77-68, 7-77-67. Супрацоўнікі РАУС гарантуюць вашу канфідэнцыяльнасць.
Настасся ЗАНЬКО.
НА ЗДЫМКУ: знішчэнне пасеваў канапель.
Фота з архіва аддзела па наркакантролі і барацьбе з гандлем людзьмі.
Поделиться в соцсетях: