Сб, 07 декабря 2024
Прогноз погоды

«На жаль, моладзь стала больш смеціць і менш паважаць нашу работу»: Галіна Паддубная - кобрынскі дворнік з пятнаццацігадовым стажам, які сапраўды любіць сваю справу

11/11/2020

Восень засыпае вуліцы Кобрына залатой лістотай, нагадваючы пра хуткія халады. Кожную раніцу мы бачым людзей у аранжавых камізэльках з мётламі, якія, прачнуўшыся раней за нас, спраўна змятаюць з тратуараў лісце. Галіна Паддубная – дворнік з пятнаццацігадовым стажам. Яна не проста выконвае свае працоўныя абавязкі, а сапраўды любіць сваю работу.

У дворнікі я пайшла пасля расфарміравання верталётнай часці, – расказвае жанчына, робячы невялікі перапынак на размову са мной. – Па адукацыі я повар, але працавала ў адным з інтэрнатаў прыбіральшчыцай. А потым вырашыла пайсці на работу дворнікам. Помню, калісьці быў такі снежны сакавік, што ад работы былі крывавыя мазалі на руках.

Галіна Уладзіміраўна любіць сваю работу за тое, што заўсёды працуе на свежым паветры, і за тое, што за доўгі час пазнаёмілася амаль з усімі жыхарамі ўчастка. Яны ўдзячны жанчыне за яе адказнасць.

На дадзены момант я брыгадзір, нас у брыгадзе пяцёра. Прыбіраем і падтрымліваем чысціню не толькі ў дварах на былой тэрыторыі ваеннага гарадка, але і на аўтобусных прыпынках, каля помнікаў, калі трэба – выязджаем у горад на дапамогу калегам.

Рабочы дзень Галіны Паддубнай пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы і заканчваецца ў 14.00. Перапынак на абед яна праводзіць у цёплай бытоўцы за кубачкам гарачай кавы і размовамі з калегамі.

– На жаль, моладзь стала больш смеціць і менш паважаць нашу работу. Трапляюцца і такія жыхары, якія выкідваюць смецце туды, дзе толькі што прыбралі. Безумоўна, крыўдна, што яны пазбаўлены культуры, – дзеліцца жанчына.

Як заўважае суразмоўца, за час работы яна не раз «вымятала» тэлефоны, гаспадары якіх часцей за ўсё знаходзіліся. Былі і звязкі ключоў.

Палову дня, што застаецца ў жанчыны свабоднай пасля работы, яна таксама не марнуе.

– У Луцэвічах, дзе я жыву з мужам, у мяне і куры, і козы, і іншая жывёла ёсць – усім трэба догляд, – расказвае жанчына.

Да пенсіі Галіне Уладзіміраўне застаецца год. Кажа, што працавала б і далей, але здароўе падводзіць.

За працавітасць і адказнасць жанчыне не раз выказвалі словы падзякі як жыхары, так і кіраўніцтва. Ёсць у яе ганаровая грамата абласнога ўзроўню.

– Я люблю сваю работу, як і горад, і ўсю Беларусь, якая стала для мяне другой радзімай.

Некалі Галіна Уладзіміраўна прыехала ў Кобрын з Расіі ўслед за мужам-беларусам і засталася тут назаўсёды.

Людміла ПАШКОВІЧ

Служба новостей vkobrine.by

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу