Прогноз погоды
Сб, 26 апреля 2025

На кобринском льду проходил чемпионат Республики Беларусь по хоккею с шайбой.

23/04/2012

Не прайшло і некалькі гадоў пасля таго, як кабрынчане з зацікаўленасцю паглядалі на будоўлю новай лядовай арэны ды абмяркоўвалі, наколькі запатрабаванай яна будзе ў нашым горадзе. Потым у жыццё ўвайшлі хакейныя матчы, якія зусім хутка сталі неадрыўнай часткай вольнага часу многіх мясцовых жыхароў. У той жа час непрыкметна, але бесперапынна расло і новае спартыўнае пакаленне – нашы дзеці, якія рабілі свае першыя крокі на лядовых пляцоўках…

Здаецца, усё гэта было зусім нядаўна. Бацькі з хваляваннем глядзелі, як іх дзеці ўпершыню надзяваюць канькі, ды гадалі, ці правільны выбар яны зрабілі, скіраваўшы ўвагу менавіта на хакеі. А сёння каманда юных хакеістаў Кобрыншчыны ўжо змагаецца на рэспубліканскім узроўні. І не проста змагаецца – але знаходзіцца сярод лепшых, што выдатна пацвердзіў чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па хакеі сярод каманд 2002 года нараджэння, які нядаўна прайшоў на кобрынскім лёдзе. У чым жа сакрэт?

- У любым спорце самае галоўнае – доўгая і напружаная праца над сабою, - дзеліцца сваімі думкамі трэнер кобрынскай каманды Ігар Каранчук. – Тым больш – у хакеі, дзе вялікае значэнне мае не толькі індывідуальная падрыхтоўка кожнага, але і майстэрства каманды ў цэлым. Хацелася б адзначыць адно – і трэнерскі састаў, і самі хлопчыкі на самой справе прыкладаюць да перамогі ўсе намаганні.

І сапраўды – ужо той факт, што зусім маладая кобрынская каманда выйшла ў фінал чэмпіянату краіны, гаворыць пра многае. Вялікае задавальненне ўсім гасцям падаравалі і матчы з яе ўдзелам, у якіх традыцыйны хакейны азарт суседнічаў з дзіцячай непасрэднасцю і эмацыянальнасцю. Не падвялі і балельшчыкі – гул апладысментаў падчас кожнай забітай шайбы стаяў такі, што часам нават і не верылася, што ўсё гэта магчыма ў нашым маленькім Кобрыне.

Пасля ўпартай барацьбы ў ходзе чэмпіянату лепшымі сталі юныя хакеісты з горада Жлобіна. Кабрынчане занялі чацвёртае месца ў рэспубліцы. І, як адзначыў прадстаўнік асацыяцыі “Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь” заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Мікалай Бабец, для маладой каманды гэта – знакавае дасягненне. Бясспрэчна адно – першыя ступені да новых перамог кобрынскія хакеісты  пераадолелі паспяхова.

Дарэчы, як падкрэсліў напрыканцы чэмпіянату дырэктар лядовай арэны Анатоль Трубчык, у жніўні школа зімовых відаў спорту будзе зноў праводзіць свой чарговы набор. Так што, паважаныя бацькі, не трэба баяцца, прыводзьце сваіх дзяцей у хакейную секцыю. І хто ведае – можа, праз некалькі гадоў вы будзеце радавацца іх перамогам у вялікім хакеі.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу