Пт, 19 июня 2026
Прогноз погоды

На Кобринщине много молодых талантливых людей и фестиваль-конкурс “Мельница идей” тому подтверждение

18/02/2016 Молодёжь Творчество

Маладыя, таленавітыя, ініцыятыўныя
Кобринский вестник - новостной портал Кобрина и Кобринского района
На Кобрыншчыне многа маладых таленавітых людзей, і фестываль-конкурс маладзёжнай творчасці “Млын ідэй”, які прайшоў у Кобрынскай дзіцячай школе мастацтваў 11 лютага, у чарговы раз таму пацвярджэнне. Традыцыйнае творчае спаборніцтва сабрала на адной сцэне звыш за 120 чалавек, якія прадэманстравалі гледачам 33 творчыя нумары ў шасці намінацыях: “Вакал”, “Арыгінальны жанр”, “Харэаграфія”, “Дызайн і мадэль”, “Акцёрскае майстэрства”, “Калектыў народнай музыкі і песні”.
Удзельнікамі былі як вядомыя кобрынскія артысты -  Вікторыя Дубок, Анастасія Крупко, Анастасія Бенедзясюк, так і тыя, для якіх выступленне стала дэбютам. Упершыню паспрабаваў свае сілы ў намінацыі “Дызайн і мадэль” вучань 11 “Б” класа СШ № 8 Ілья Бялецкі. Разам са сваімі аднакласніцамі юнак прадставіў калекцыю сукенак з падручнага матэрыялу ў стылі “Hand-made”, якую яны стваралі на працягу месяца. Сукенкі з папяровых сурвэтак, канфеці, каляровай паперы, мачалак выглядалі не горшымі за сапраўдныя. Прызнанне таленавітым майстрам і іх залатым рукам гледачы выказалі гучнымі апладысментамі.
Кобринский вестник - новостной портал Кобрина и Кобринского района
Цікавымі нумарамі вызначылася намінацыя “Вакал”, якая была прадстаўлена найбольшай колькасцю канкурсантаў. Тут трэба аддаць належнае нашай моладзі за падыход да выбару рэпертуару. Песні, якія гучалі са сцэны з вуснаў юных артыстаў, мелі глыбокі сэнс і краналі за жывое. Напрыклад, канкурсантка з Тэльмаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна Елізавета Касцецкая выступіла з песняй на словы Сафіі Тарасавай “Вер мне” і закранула тэму сіроцтва.
У намінацыі “Харэаграфія” хацелася б адзначыць флэшмоб у выкананні танцавальнага калектыву СШ № 2. Творчы нумар “Школа – гэта дзяцінства, гэта юнацтва, гэта наша жыццё” на некалькі хвілін даў магчымасць прысутным вярнуцца ў бесклапотную школьную пару.
І без таго добры настрой гледачоў падвоілі выхаванцы акрабатычна-цыркавога гуртка “Вяснушкі” Кобрынскага Палаца культуры”, якія выступілі ў намінацыі “Арыгінальны жанр” з  акрабатычнымі эцюдамі, жангліраваннем, гульнёй з абручамі. Новай для фестывалю стала намінацыя “Калектыў народнай музыкі і песні”, у якой удзельнічаў калектыў Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа - ансамбль “Світанак” (кіраўнік Віктар Селядцоў).
Кобринский вестник - новостной портал Кобрина и Кобринского района
Багата эмоцый выклікалі ў аўдыторыі і іншыя канкурсанты. Аднак спаборніцтва на тое і ёсць спаборніцтва, каб мець сваіх пераможцаў. Узнагароджанне канкурсантаў, якім усміхнулася ўдача, на правах лідара аб’яднання-арганізатара, правяла першы сакратар Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Людміла Чырун. На першай пазіцыі апынуліся ў намінацыі “Вакал” -  Вікторыя Дубок (старэйшая ўзроставая група) і Ганна Галаўко (малодшая ўзроставая група), у намінацыі “Арыгінальны жанр” - акрабатычна-цыркавы гурток “Вяснушкі”. Танцавальны калектыў хлопчыкаў Кобрынскага ліцэя сферы абслугоўвання за танец “Перапынак” атрымаў перамогу ў намінацыі “Харэаграфія”. Лепшымі акцёрамі сталі вучні сярэдняй школы № 2 горада Кобрына Елізавета Барылюк, Ірына Юр’ева, Таццяна Арлоўская, якія прадставілі інсцэніроўку “Экзамен па фізіцы”. У намінацыі “Калектыў народнай музыкі і песні” перамог ансамбль “Світанак”. Адразу двума першымі месцамі вызначылася намінацыя “Дызайн і мадэль”. На адной прыступцы апынуліся ўжо знаёмы нам Ілья Бялецкі і яго памочніцы, а таксама “Тэатр мод” Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы абслугоўвання. Спецыяльны прыз ад членаў журы за глядацкія сімпатыі атрымала вучаніца сярэдняй школы № 6 Яна Вышынская.
Кобринский вестник - новостной портал Кобрина и Кобринского района
У тэму: у межах фестывалю-конкурсу маладзёжнай творчасці “Млын ідэй” адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога этапа рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі” вучня СШ № 6 горада Кобрына Уладзіміра Гангала і педагога Віктара Лагвіновіча. Падзякі і памятныя сувеніры ад ГА “БРСМ” атрымалі прадстаўнікі “пярвічак” Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, якія актыўна паўдзельнічалі ў акцыі “За любімую Беларусь!”: СШ №№ 1, 2, 6, 7, д/с-СШ № 4, гімназія г. Кобрына.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.
[gallery link="file" order="DESC" columns="4" orderby="title"]

Поделиться в соцсетях:


Последние новости