Сб, 14 сентября 2024
Прогноз погоды

Мясцовае самакіраванне: “Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю…”

25/11/2019

Звяно, якое звязвае паміж сабой уладу і людзей, выдатны арганізатар і сапраўдны патрыёт сваёй малой радзімы – менавіта так  жыхары Дзівіншчыны характарызуюць Ніну Клачковіч, якая роўна год назад была выбрана на адказную пасаду старасты аграгарадка.

- Ніна Мікалаеўна ў нас –  жывы камп’ютар, - расказвае старшыня Дзівінскага сельвыканкама Вера Пікула. – Яна трымае ў памяці даныя пра нашу мясцовасць і ведае ўсё, што робіцца на гэтай зямлі – хто дзе жыве, як жыве, каму патрэбна аказаць дапамогу, а дзе – прыкласці рукі. І самае галоўнае – ёй давяраюць людзі.

Як адзначае Вера Пятроўна, усяго ў сельсавеце 9 старастаў, 2 з іх – у Дзівіне. Менавіта яны садзейнічаюць рэалізацыі ўсіх рашэнняў сельвыканкама, прымаюць актыўны ўдзел у жыцці сваёй вёскі. А яшчэ падымаюць на добрыя справы мясцовых жыхароў, выступаючы той самай іскрай, з якой разгараецца яркае полымя сапраўднага энтузіязму.

- Нарадзілася тут, 35 гадоў працавала ў сельвыканкаме, маю вопыт работы з людзьмі, - заўважае Ніна Клачковіч. – У нас ужо сфарміраваны своеасаблівы актыў, які прыходзіць на розныя мерапрыемствы. Пастаянна дапамагаюць Надзея Давідзюк, Ніна Свідуновіч, Ніна, Валянціна, Галіна і Міхаіл Гапановічы, Віктар Крачка, Мікалай Момлік, Пётр Цімашчук, Лідзія Паляціла, Ганна Серадовіч, Ніна Пашковіч і іншыя. Так і працуем – хто як можа. А як інакш? Гэта ж наша зямля, наша родная старонка. Калі не мы самі, то хто павінен яе даглядаць?

Адным з прыкладаў цеснага ўзаемадзеяння мясцовай улады з людзьмі стала вялікая работа па добраўпарадкаванні вясковых могілак, праведзеная ў апошнія гады. Была створана ініцыятыўная група вяскоўцаў, якія хадзілі па хатах і тлумачылі мясцовым грамадзянам маштаб праблемы, збіралі неабходныя сродкі. У выніку былі спілаваны старыя дрэвы, прыбрана тэрыторыя, вакол могілак устаноўлена вялікая частка новай агароджы. У планах – поўнасцю яе замяніць, з дапамогай камунальнікаў выкарчаваць вялізныя пні, якія засталіся ад старых дрэў.

Як заўважыла Ніна Клачковіч, клопату заўсёды хапае. Зімой стане актуальнай тэма ачысткі дарог ад снегу, вясной – пасадка дрэў і ліквідацыя несанкцыянаваных звалак, навядзенне парадку ў месцах агульнага карыстання, добраўпарадкаванне памятных месцаў. І кожны раз вялікае значэнне мае асоба арганізатара, за якім пойдуць людзі. Там, дзе жывуць сапраўдныя гаспадары, і зямля квітнее.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ:

Ніна Клачковіч (злева) абмяркоўвае планы па навядзенню парадка з мясцовымі жыхаркамі Надзеяй Давідзюк, Нінай і Валянцінай Гапановіч

 

 

 

 

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу