Амаль пяць гадзін запар у кінатэатры “Радуга” доўжыўся чарговы раённы конкурс знаходлівасці, кемлівасці і артыстычнага майстэрства “Містар-2012”. Галоўнымі арганізатарамі гэтага арыгінальнага і захапляючага мерапрыемства выступілі РК ГА “БРСМ” і раённая кінавідэасетка. Заяўкі на ўдзел падалі чатырнаццаць юнакоў, якія вырашылі не ўтойваць сваіх творчых талентаў перад вялікай аўдыторыяй. Ацэньвала намаганніі хлопцаў журы на чале са старшынёй Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Таццянай Місюк.
На адкрыцці мерапрыемства цёплыя словы падтрымкі і павагі ў адрас удзельнікаў выказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля. Далучыўся да гэтых віншаванняў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык.
Шоу-праграма распачалася з конкурсу “Дэфіле ў стыльным адзенні”. Другі этап - “Візітная картка”. Удзельнікі на вялікім экране прэзентавалі міні-відэакліпы і слайд-шоу, у якіх распавядалі аб сабе і сваіх захапленнях.
Творчы этап з выкарыстаннем элементаў нацыянальнага каларыту літаральна “запаліў” сэрцы і вочы гледачоў сваёй стракатасцю і дынамікай.
Тытул “Душа-хлопец” дастаўся Уладзіславу Курылку з СШ №7 . “Віцэ-містарам-2012” стаў Уладзімір Паруноў з СШ №2. А тытул “Містар-2012” заваяваў Андрэй Касцючук з СШ №7.
У бліц-інтэрв’ю “КВ” пераможца расказаў, што сур’ёзна захапляецца стварэннем і мантажом відэакліпаў, яму таксама падабаецца ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці. Ён дзякуе сваім сябрам і асабіста сваёй маці, якія дапамагалі рыхтавацца да гэтага шоу.
Кожны з удзельнікаў конкурсу “Містар-2012” быў узнагароджаны дыпломам. А пераможца і прызёры – яшчэ і сімвалічнымі статуэткамі і памятнымі прызамі ад партнёраў мерапрыемства – РК ГА “БРСМ”, раённай кінавідэасеткі, аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама, салона-цырульні ”Пасольства прыгажосці”, кавярні “Дыскаверы” і многіх іншых.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: Андрэй Касцючук (у цэнтры), Уладзімір Паруноў (злева) і Уладзіслаў Курылка.
Фота аўтара.
[gallery link="file" order="DESC" columns="2"]
Поделиться в соцсетях: