Прогноз погоды
Сб, 19 апреля 2025

“Лялька, як казка, нараджаецца нечакана”

18/10/2012 Молодёжь

Кароткая даведка: “паддашкавая” лялька – лялька, вырабленая ўласнымі рукамі з падручных матэрыялаў. Тэрмін мае паходжанне з часоў асваення Паўночнай Амерыкі, калі перасяленцы не мелі сродкаў на набыццё дзецям фабрычных лялек і выраблялі іх з усялякага рыззя, з матэрыялаў, якія знаходзіліся на “паддашку”. Сёння яе часта называюць яшчэ інтэр’ернай.

Рэдка якая дзяўчынка не любіць гуляць у лялькі. Не расставалася з імі і маленькая Таня. Праўда, у тым далёкім дзяцінстве яна і думаць не магла, што, стаўшы дарослай, будзе ствараць іх уласнымі рукамі.

Захапленне “паддашкавай” лялькай прыйшло нечакана – гады два таму. “Барануючы” абшары інтэрнэта, знайшла адпаведныя сайты, артыкулы, інтэрнэт-магазіны. Уразіла непаўторнасць, прыгажосць гэтых лялек. А паколькі ўласныя грошы выдаткоўваць зусім не хацелася, пачала вырабляць сама.

- Ведаеце, справа нават не ў грошах. Вельмі хацелася паспытаць сябе, я гэтымі лялькамі проста загарэлася! – успамінае Таццяна Саўчанка. – Пачынала без ўсялякага вопыту, навыкаў, практычна з нуля. Нават гузікі – і то прышывала з цяжкасцю. Тут зусім іншая тэхналогія, чым у звычайных ляльках (напрыклад, няздымнае адзенне), а адпаведнай літаратуры, патрэбных тканін у нашай краіне няма. Даводзіцца заказваць у іншых…

- Таццяна, гляджу на твае лялькі і міжволі ўсміхаюся: такія яны дасканалыя, цёплыя, мілыя. Зусім не скажаш, што іх вырабіў чалавек, які нядаўна нават не ведаў, з чаго пачаць…

- Яно сапраўды так! Але гэты час не прайшоў марна: цяпер у мяне ёсць і вопыт міжнародных выставак, і перамогі ў прэстыжных конкурсах, шырокае кола кліентаў, свой сайт.

Таццяна ахвотна распавядае аб удзеле ў сваёй першай, вельмі вядомай і буйной міжнароднай выстаўцы “Масква-файр-2012”. Заўважаючы, што такія форумы ўражваюць найперш якасцю саміх работ, а, па-другое, даюць магчымаць “ужывую” мець зносіны з калегамі-лялечнікамі, і яшчэ, што таксама важна для любога творцы, - поспех, прызнанне, зваротную сувязь. Так было і на выстаўцы ў Барселоне, на іншых форумах ды імпрэзах.

- На выстаўках матэрыяльнай аддачы асабліва няма. Калі ўлічыць усе выдаткі, якія нясеш, рыхтуючыся да іх, дарогу туды і назад. А вось тое незвычайнае адчуванне, што тваімі работамі цікавяцца, захапляюцца, – дзеля гэтага будзеш і пальцы праколваць, і ўся ў фарбах сядзець па начах, ствараючы чарговае забаўнае звераня ці незвычайнага казачнага героя.

- І што служыць штуршком, імпульсам для работы над новай лялькай?

- Калі ёсць канкрэтны заказ – прыблізна ўяўляеш, якой будзе лялька. Але часта да апошняй секунды не ведаеш, хто з’явіцца на свет. Лялька – як дзіця, хіба можна загадзя яе запраграмаваць?! Гэта потым ужо дададуцца нейкія новыя рысы, дэталі...

А яшчэ Таццяна ўпэўнена: вельмі шмат работ перадаюць свайго майстра. Сёння яна, гледзячы на тую ці іншую “паддашкавую” ляльку, беспамылкова пазнае, хто яе ствараў, якія адметнасці закладваў.

Думаю, тое ж самае можна сказаць і пра лялек Таццяны Саўчанка. Вось глядзіш на Кароўку ў вэлюме з вясельным букетам ці сустракаешся вачыма з парачкай Вослікаў, або міжволі чакаеш, ці не зачаруе цябе гэта казачная Вядзьмарачка, ці проста не адрываеш вачэй ад цэлай “чародкі” ўсмешлівых дзяўчынак – і адразу разумееш, што стварала іх добрая, адкрытая, дасціпная, уважлівая да дзяцей, прыроды, навакольнага свету і, як цяпер часта гавораць, бязмежна крэатыўная гаспадыня.

Дарэчы, пераканацца ў гэтым можна, калі наведаць выстаўку “Лялечная краіна”, якая яшчэ сёння і заўтра працуе ў Палацы культуры. Зазірніце, адпачніце, усміхніцеся!

Ігар СІДАРУК.

НА ЗДЫМКУ: лялькі Таццяны Саўчанка – пад пільным наглядам стваральніцы.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу