Валянціна Шыла і Святлана Карпіна на МТФ у Імянінах.
Вось ужо на працягу некалькіх гадоў аператары машыннага даення Валянціна Шыла і Святлана Карпіна з’яўляюцца лідарамі ў ААТ “Агра-Кобрынскае” па ўдоі малака ад адной каровы. Добрыя вынікі паказваюць яны і на раённым узроўні, за што не раз былі адзначаны кіраўніцтвам вобласці і раёна. Вось і ў 2019 годзе, Валянціна Пятроўна стала пераможцай раённага спаборніцтва сярод даярак-“сямітысячніц”. Сярэдні ўдой малака ад адной каровы ў групе аператара склаў 9806 кг (+2028 да ўзроўню 2018 года). За 10 месяцаў бягучага года гэтая лічба - 7905 кг. На пытанне, у чым сакрэты поспеху, жанчына адказвае проста: калі хочаш дабіцца добрых вынікаў, трэба кожны дзень душу ўкладаць у тое, што робіш.Валянціна Шыла год як на пенсіі. Больш за 30 гадоў назад пераехала на Кобрыншчыну з мужам са Століншчыны. У гаспадарцы ў Імянінах, дзе яны ўладкаваліся тады на работу, іх забяспечылі жыллём. - Так і працую з 1988 года аператарам машыннага даення. Не заўважыла, як час праляцеў і пенсія падышла, - заўважае Валянціна Пятроўна. – Спадзяюся, што здароўе дазволіць мне яшчэ папрацаваць некалькі гадоў. Не магу я без работы, без свайго калектыву, маіх любімых каровак.
Лёс не раз выпрабоўваў жанчыну, падкідваў новыя і новыя іспыты. Яна ж, нягледзячы на ўсё, не апускала рук, падымала вышэй галаву і ішла наперад. Перанесла смерць мужа. Падняла на ногі трох дзяцей. Дала ім добрую адукацыю і выхаванне. Зараз, калі ёсць вольная хвіліна, прыглядае за ўнукамі, якіх у яе чацвёра.
- Мне іншы раз кажуць, калі ты, Пятроўна, для сябе пачнеш жыць? Дык гэта ж і ёсць маё жыццё – быць заўсёды ў нейкім руху, у клопаце пра блізкіх, работу, а іншага я не хачу.
Валянціна Пятроўна працуе на малочнатаварнай ферме ў Луцэвічах. Любіць яна прыходзіць на сваё працоўнае месца задоўга да пачатку даення. У першую чаргу дзеліцца добрымі навінамі з каровамі, настрой ім і сабе падымае, корміць іх, падсыпае свежыя апілкі:
- Вы б бачылі, якія мае каровы прыгожыя, дагледжаныя. Не, няправільна казаць, што я лепшая даярка. Мае надоі – гэта вынік карпатлівай працы ўсёй зоаветэрынарнай службы, якая клапоціцца, каб каровы былі здаровымі, забяспечаны якаснымі кармамі.
Калега Валянціны Шылы і Святлана Карпіна таксама не навічок у сваёй справе. У канцы 80-х гадоў следам за мужам прыехала на яго радзіму ў Імяніны з Івацэвічаў. Жанчына па праве ганарыцца, што і муж, і ўсе яе чацвёра дзяцей працуюць у роднай гаспадарцы:
- Дзе нарадзіліся, там і згадзіліся. І сыны, і нявесткі з унукамі – усе ў Імянінах жывуць.
Наконт барацьбы за лідарства жанчына жартуе, што на самай справе яна яго не адчувае. Святлана Уладзіміраўна працуе на ферме, якая знаходзіцца ў Імянінах, таму сустракаецца з Валянцінай Пятроўнай не вельмі часта.
- Справа, якую мы робім, яна агульная. Хочацца, каб гаспадарка наша была лепшай у раёне. А гэта залежыць ад таго, як кожны будзе працаваць на сваім месцы.
Дарэчы, трэба заўважыць, што за 10 месяцаў бягучага года валавая вытворчасць малака ў гаспадарцы склала 5072 т, што на 257 т больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.
Пра сваю работу, а калі дакладней – кароў, Святлана Уладзіміраўна можа гаварыць бясконца:
- Яны мой голас за кіламетр чуюць - адразу пачынаюць дружна адгукацца на яго. А як толькі ў кароўнік зайду, кожная імкнецца галавой прытуліцца. З такой лагодай і пяшчотай глядзяць сваімі вялікімі вачыма, што нельга не расчуліцца. Калі ім што баліць, то і ў мяне душа не на месцы.
Сваёй шчырай і сумленнай працай Валянціна Пятроўна і Святлана Уладзіміраўна даўно ўжо заваявалі аўтарытэт сярод калег. З іх бярэ прыклад і маладое пакаленне, якое імкнецца даказаць, што ўмее працаваць не горш за сваіх бацькоў.
Алена БАКУН.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: