Арцёма Іванюка я застала за камп’ютарам. Ён нават не звярнуў ніякай увагі на мой прыход. “Вось так заўсёды, усё нешта сядзіць, сам сабе штосьці напявае. У такія хвіліны ён нікога не чуе”, - сказала мама юнака Галіна Міхайлаўна. Мы абедзве прытаіліся, назіраючы за хлопцам. А ён літаральна ўсім целам адбіваў рытм. Праз некалькі хвілін Арцём, пэўна, адчуў прысутнасць людзей і павярнуўся ў наш бок. “Ой, прабачце, я не заўважыў, што вы прыйшлі”, - сказаў хлопец, здымаючы навушнікі. Мне стала крыху няёмка. Было такое ўражанне, што я ўварвалася на чужую тэрыторыю і перашкодзіла рабоце.
Да Арцёма я завітала невыпадкова. Ён - вядомы рэпер у сетцы інтэрнэт. Яго кампазіцыі мне даводзілася неаднаразова слухаць, і, шчыра прызнацца, хацелася пазнаёміцца з аўтарам бліжэй. Яго песні кранаюць за жывое, вызываюць супярэчлівыя пачуцці. Па словах ты разумееш, што іх пісаў юнак, а вось сэнс песен дадае аўтару ўзросту. Свой першы трэк Арцём запісаў у 16 гадоў. “Аднойчы пачуў прыгожую мінусоўку, і радкі пачалі складацца ў куплеты”, - успамінае рэпер. За першым трэкам быў другі, трэці… Сваю музыку ён называе рэпам з вуліцы, ці андэграўндам. Па жанры – тру рэп. “Часцей за ўсё я пішу пра тое, што бачу. Пішу праўду”, - тлумачыць хлопец.У 2010 годзе Арцём прымаў удзел у фестывалі маладзёжных ініцыятыў “Свабодны рух” і заняў там трэцяе месца як рэп-артыст. “Гэтая перамога была для мяне значным дасягненнем. Эмоцыі ад таго, што твая музыка падабаецца зусім незнаёмым цябе людзям, перадаць складана”, - дзеліцца хлопец. Да фестывалю слухачамі яго песен былі толькі бацькі і сябры, а тут – новая аўдыторыя. Ад першага поспеху захацелася працаваць яшчэ больш напружана. Ужо праз год у фестывалі “Свабодны рух” у Арцёма было першае месца. У тым жа 2011-м хлопец паўдзельнічаў у хіп-хоп-фестывалі “Рэспект вуліц”, які праходзіў у Пінску. Там ён заняў трэцяе месцы.У Арцёмавых песен – асаблівая кампазіцыя: адзін вялікі куплет і два прыпевы. Улічваючы ўзрост маладога рэпера, не дзіўна, што адрасатам яго твораў з’яўляецца дзяўчына. Ёй ён адкрывае тайны сваёй душы, свае перажыванні. Арцём прызнаўся, што некаторыя фанаграмы бярэ ў сяброў. Але большая частка з іх – яго работы. Дарэчы, музычнай адукацыі ў хлопца няма. Ён тэхнік-механік, выпускнік Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Зараз у музычнай скарбонцы дваццаціаднагадовага рэпера – 25 кампазіцый. Арцём марыць выдаць свой альбом, ужо на кампакт-дыску. “Гэта будуць зусім новыя песні, падарунак для тых, хто любіць маю музыку”, - падзяліўся хлопец. Калі жаданне ёсць, то ўсё атрымаецца.Людміла ДУБІНА.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: