Больш за 60 юнакоў і дзяўчат сабраў 12 студзеня ў актавай зале ДУА “Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж” трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Працоўнае навучанне”. Урачысты гімн сустрэў таленавітых гасцей горада. Цёплыя словы і пажаданні гучалі са сцэны каледжа.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. З адкрыццём алімпіяды павіншавала метадыст акадэміі паслядыпломнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Новік.- Вы - людзі будучага, - звярнулася Алена Георгіеўна да школьнікаў. - Таму што чалавек будучага - гэта той, які адначасова ўмее сумяшчаць у сабе здольнасць фізічнай і інтэлектуальнай працы, а працоўнае навучанне - менавіта тая дысцыпліна, дзе накірункі развіцця чалавека актуалізуюцца адначасова.
У гэты дзень у якасці падарунка для гасцей выступалі творчыя калектывы і выканаўцы Кобрыншчыны.Як адзначыў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сцяпан Гучык, на базе Кобрынскага раёна рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні ладзіцца вось ужо адзінаццаты год. Гэтаму спрыяе якасная вучэбна-матэрыяльная база.Наступны дзень пачаўся з чаканых выпрабаванняў. Усе туры трэцяга этапа ладзіліся на базе СШ № 7 г. Кобрына і політэхнічнага каледжа.Зазірнем, што ж робяць дзяўчаты? У прыгожых хусцінках карпатліва яны выконваюць свае заданні.- Любуюся працавітасцю гэтых прыгажунь, - дзеліцца з намі дзяжурны настаўнік. - І хай яны не ствараюць кветку радзімы - васілёк, як у Багдановіча, а званочак, але робяць гэта з душой, прыгожа, старанна, удала.- Заданне, якое нам патрэбна было выканаць, - зрабіць мяшок для святочнага падарунка, упрыгожыць званочкам на ім, - расказвае ўдзельніца алімпіяды, дзесяцікласніца Анжаліка Шэшка з Пружан. Дзяўчыне ўвогуле падабаецца вышываць, вязаць, займацца рознымі тэхнікамі прыкладнога самаробства.Мы зазірнулі ў слясарную і ў сталярную майстэрні да хлопцаў. Сур’ёзныя, яны сканцэнтравана карпелі над працай.Як нам паведаміў настаўнік працоўнага навучання СШ № 7 Уладзімір Калмычэнка, майстэрні ў школе добра абсталяваны, ёсць усе неабходныя станкі. Тое ж самае можна сказаць і пра кабінет па працоўным навучанні для дзяўчат.Увогуле праграма правядзення алімпіяды ў гэтым годзе даволі насычаная. Да 16 студзеня для юнакоў і дзяўчат, акрамя практычнага і тэарэтычнага тураў, абароны творчых праектаў, запланаваны экскурсіі па горадзе, наведванне лядовай арэны, аквапарку і многае іншае.У бліжэйшым нумары “раёнкі” мы абавязкова раскажам, хто ж стане пераможцам у гэтым цікавым працоўным выпрабаванні.Ірына ЛЕСІК.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: