Прогноз погоды
Вт, 20 мая 2025

Каралева восені вызначана!

17/11/2010 Молодёжь Творчество

Роўна пяць гадзін запар на мінулым тыдні на сцэне кінатэатра “Радуга” доўжыўся першы на Кобрыншчыне маладзёжны конкурс ”Каралева Восень-2010”. Да ўдзелу ў ім былі запрошаны чатырнаццаць прыгажунь з навучальных устаноў горада.

Гэты творчы праект нарадзіўся дзякуючы ініцыятыве РК ГА “БРСМ” і Кобрынскай раённый кінавідэасеткі. Умовамі конкурсу прадугледжвалася ацаніць не толькі прыгажосць і грацыю дзяўчат, але і іх інтэлект, навыкі будучых гаспадынь, здольнасць за кароткі час знаходзіць выйсце са складанай сітуацыі. У складзе журы працавалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля і старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Місюк.

Канкурсанткам неабходна было праявіць сябе ў дзевяці дысцыплінах, першая з якіх - мастацтва дэфіле ў штодзённым адзенні. Юныя кабрынчанкі дастойна прадэманстравалі здольнасць упэўнена трымацца на сцэне.  У другой дысцыпліне (“Візітка”)  трэба было максімальна ярка і даступна для гледачоў падаць не толькі свае аўтабіяграфічныя даныя, але і дасягненні ў вучобе, захапленні ў вольны час і інш. Для гэтага большасць дзяўчат вырашыла ўзяць на ўзбраенне камп’ютарную тэхніку, лічбавыя фота- і відэакамеры. На вялікім экране трансліраваліся іх міні-слайдшоу і кліпы.

У спартыўным дэфіле дзяўчаты пад  рытмічную музыку прадэманстравалі комплекс практыкаванняў з фітнэсу.

У майстар-класе цырульнікаў канкурсанткі за адведзены час стваралі прычоскі самых розных стыляў і накірункаў – пачынаючы ад хатніх “на хуткую руку”, класічных “косак” і да складаных з адпаведным вобразам нават у адзенні, за якія ў асноўным бяруцца прафесіяналы.

Напэўна, самым доўгім быў творчы конкурс. Прэтэндэнткі на карону спявалі і танцавалі, імкнуліся захапіць гледачоў як нумарамі сучаснай эстрады, так і аўтэнтычнымі нацыянальнымі беларускімі творамі.

Пасля такіх напружаных выпрабаванняў вядучыя аб’явілі кулінарны конкурс. Юныя гаспадыні на вялікіх падносах вынеслі на сцэну прыгатаваныя  стравы. Кактэйлі, морсы, мусы, смажаны карп,  адбіўныя, салаты і многія іншыя  члены журы ацэньвалі самымі высокімі адзнакамі.

Пасля стартаваў конкурс вячэрняга дэфіле  і “Авангард” (дэфіле восеньскага адзення). У апошняй дысцыпліне асабліва запомнілася адзенне, якое цалкам было выраблена з дубовага лісця, а таксама з неапрацаванай ільняной тканіны і саломы. А завяршыўся конкурс інтэлектуальнай віктарынай.

І вось надышоў час падвядзення вынікаў. “Віцэміс  Восень-2010” стала Марыя Кірылюк з САШ №1, тытул “Міс Восень-2010” заваявала Марыя Дарашчук з САШ №3. А перамагла ў конкурсе і ўдастоілася звання “Каралева Восень-2010” Марына Сурма, вучаніца 10 класа САШ №4, якой ва ўрачыстай абстаноўцы дырэктар кінавідэасеткі Руслан Грышко ўручыў сімвалічную карону.

Пераможца і ўладальніцы тытулаў былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі ад спонсараў – аддзела па справах моладзі райвыканкама, канцэрна “Валеры-Эліт”, кампаніі “Мэры Кей”, Кобрынскага аквапарка, РК ГА “БРСМ”, магазіна модных аксэсуараў “Золушка”, фітнэс-цэнтра “Атлант”, швейнай фірмы “Элегія-Мода” і многіх іншых.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу