Маці, жонка, гаспадыня, творчая асоба, чалавек, які нясе ў свет прыгажосць, і проста шчаслівая жанчына…
29 верасня, "Кобрынскі веснік"/ Так можна ахарактарызаваць нашу гераіню Юзэфу Алейнік. Узрост? Не, гэта не пра яе. Тоненькая нітка жэмчугу на шыі, у тон пацеркам – завушніцы з таго ж каменю, туфлі на высокіх абцасах і як завяршэнне вобразу – капялюш з шырокімі палямі. Жывы агеньчык у вачах, добрая ўсмешка на вуснах…
– Свой узрост Вы называеце элегантным. Чаму?
– Так, і ніяк інакш. Мяне не крыўдзіць слова пенсіянер. Выдатна, сваёй пачэснай працай на карысць Радзіме чалавек забяспечыў сабе старасць і можа спакойна адпачываць. Не вызывае негатыву і выраз «пажылы ўзрост». Значыць мудры, вопытны, таму што за плячыма гады выпрабаванняў. Але больш імпануе «элегантны». Вось, напрыклад, падлеткі, моладзь… Іх час – гэта перыяд станаўлення як асобы, пошукі сябе, жаданне рознымі спосабамі заявіць, хто яны і што.
Сярэдні ўзрост… Чалавек больш адданы рабоце, клапоціцца пра сямейны дабрабыт, ставіць дзяцей на ногі… На сябе застаецца зусім мала часу. А з выхадам на заслужаны адпачынак пачынаецца цікавы этап у жыцці. Дзеці выраслі, побыт наладжаны, час падумаць пра сябе, навярстаць тое, што ўпусціў, раскрыць новыя здольнасці. Элегантны – гэта не толькі прастыль у адзенні, гэта пра духоўную прыгажосць, ураўнаважанасць, унутраную гармонію.
– Усё пачынаецца з дзяцінства. Чым яно Вам запомнілася?
– Мне вельмі пашчасціла. Маленства прайшло на Ляхавіччыне, дзе вельмі прыгожыя мясціны. Я расла ў дружнай сям’і, дзе на першае месца ставіліся любоў і ўзаемапавага. Маці, бацька, старэйшая сястра Яніна, я, потым паявілася на свет Галіна – мы жылі ў адным доме разам з бабуляй і дзядулем, цёткай. Мелі вялікую гаспадарку. Разам працавалі, дапамагалі адзін аднаму. Не заўважалі цяжкасцяў, таму што там, дзе згода, усё можна вырашыць. Чаму дзеці часам не хочуць даглядаць старых бацькоў? Мая знаёмая не можа дараваць маці таго, што яна ставіла гаспадарку, работу на першае месца. Свае дзіцячыя перажыванні, якія выліліся ў псіхалагічныя траўмы, яна трымала пры сабе. У нас такога не было.
З любой праблемай я звярталася да бацькоў, і як бы яны ні былі загружаны работай, слухалі і давалі парады. Я адчувала іх любоў, і яны таксама не баяліся яе праяўляць. «Што можа быць даражэй за сям’ю? Усё пачакае, толькі не дзеці», – не раз чула ад маці. Гэтую аксіёму ўзяла за аснову і сама. Балюча перанесла наша сям’я смерць бацькі. Маці вымушана была пераехаць з родных Старых Буд у Тальмінавічы, дзе дзейнічаў вялікі калгас. Яна ўладкавалася даяркай, нам далі кватэру. Мы доўга сумавалі па працы на зямлі, але разумелі, што без мужчынскай сілы ў вёсцы не справіцца.
– Што падштурхнула звязаць свой лёс з музыкай?
– Песня была неад’емнай часткай вялікай сям’і, калі мы яшчэ жылі ў дзедавай хаце. У школе я прымала ўдзел у розных мерапрыемствах, спявала, выступала ў тэатральных пастановах, чытала вершы. Сцэны не баялася. На ёй я жыла, раскрывалася. Так шлях і прывёў у Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, на той час гэта было яшчэ вучылішча. А потым атрымала вышэйшую адукацыю.
Падчас вучобы ва ўніверсітэце пашчасціла працаваць у знакамітым нацыянальным акадэмічным народным хоры Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. З мужам Яўгеніем пазнаёмілася яшчэ ў вучылішчы. Разам пачыналі прафесіянальны шлях у Драгічынскім Палацы культуры – ён дырэктарам, я метадыстам, вяла таксама хор. Потым пераехалі на Кобрыншчыну, адкуль родам Яўгеній.
Сям'я - галоўная каштоўнасць
– Як у Вашым жыцці з’явіўся гурт «Вечарніца», якім зараз кіруеце?
– Калі пайшла на заслужаны адпачынак, не думала, што лёс зноў так блізка звяжа мяне з песняй. На той час нават ноты свае спаліла. Па натурыя чалавек энергічны. Крыху пасядзела дома, кветнік разбіла, а потым зразумела, што душа прагне працягу. Так шлях прывёў ва «Універсітэт залатога ўзросту», суполку з мясцовай інтэлігенцыі – у большасці гэта былі настаўнікі, медыцынскія работнікі, якія выйшлі на заслужаны адпачынак.
Арганізавала вакальны гурт народнай песні «Вечарніца» – то значыць зорка на зыходзе дня. Так, з аднаго боку гэта асацыяцыя з узростам, але ў той жа час і напамін іншым пра тое, што сэрцы нашы яшчэ гараць і здольны свяціць. Нажаль, эпідэмія каранавіруса разбурыла калектыў, многіх удзельнікаў не стала. Але хіба можна пахаваць песню?! Зараз мы дзейнічаем пры КобрынскімТЦСАН.
– Чым займаецца гурт? Хто яго ўдзельнікі?
– Каб стаць часткай «Вечарніцы», не абавязкова мець музычную адукацыю, галоўнае гарэць душой. На сённяшні дзень нас 13 чалавек. Гэта людзі ва ўзросце ад 62 гадоў. Старэйшаму Уладзіміру Малафееву – 83. Адны знайшлі тут выратаванне ад адзіноты, другія – магчымасць выкарыстаць нерастрачаны патэнцыял. Вялікі дзякуй спецыялістам цэнтра, якія дапамагаюць і падтрымліваюць нас. Да пенсіянераў адносіны розныя. А тут мы адчулі цяпло і спагаду, якіх часам так не хапае ў нашым узросце. Яны стварылі ўсе ўмовы для творчасці, вырашаюць арганізацыйныя пытанні.
Мы прымаем удзел у розных конкурсах, адкуль прывозім узнагароды і цёплыя словы падзякі. Выступаем на прафесіянальных святах. Вельмі трапятліва падыходзім да выбару рэпертуару. Заўсёды арыентуемся на аўдыторыю, да якой выходзім. Нядаўна нас віталі на «Дажынках» у ААТ «АграКобрынскае». Здаецца, столькі сілы аддаеш выступленням, але, як паказвае практыка, забіраем ад слухачоў яшчэ больш. Яны – наш стымул і натхненне.
– У Вашым рэпертуары шмат песень на беларускай мове.
– Я вельмі яе люблю, яна такая прыгожая, мілагучная, маленькая частка нашай вялікай душы. У свой час у мяне была магчымасць працаваць у Польшчы, я гэтага не зрабіла. Можна ацаніць прафесіянальныя здольнасці, голас. Але як зразумець душу? Толькі свой народ да канца адчуе цябе і тое, што ты хочаш данесці са сцэны, бо мы адной крыві, выхаваны на агульных каштоўнасцях.
– Як родныя аднесліся да таго, што мернае жыццё перад тэлевізарам Вы вырашылі паставіць на паўзу?
– Заўважу, з мужам мы за адно, ён таксама ў «Вечарніцы» – наш нязменны акампаніятар. З ім мы разам крочым па жыцці 45 гадоў. Не дакучаем адзін аднаму, таму што кахаем, паважаем. Старэйшы сын Аляксандр – дырэктар Залесскай сярэдняй школы. Ён вельмі працалюбівы, заўсёды ў пошуку, аддаецца справе на ўсе 100, патрыёт сваёй Радзімы. Добра разумее, чаму я не хачу сядзець на адным месцы.
Малодшы Яўгеній, які мы, музыкант. Яму і гаварыць ні пра што не трэба, ведае, як гэта цяжка творчаму чалавеку замураваць сябе ў чатырох сценах і не даваць магчымасці дзяліцца эмоцыямі з аўдыторыяй. Унукі Кірыл,Ксенія, Ліза таксама выхаваны ў любві да мастацтва. У нас існуе традыцыя збірацца на вялікія святы разам. Дом тады ажывае, песня льецца цэлы вечар.
"Вечарніца" - гэта хлеб для душы
– Што Вы пажадаеце людзям элегантнага ўзросту?
– Пенсія не прысуд і не прымус. Цяжка зрабіць толькі першы крок: куды пайсці, дзе знайсці аддушыну, каму я патрэбны? Не абавязкова, каб гэта была музыка, можна заняцца танцамі, запісацца ў тэатральны гурток, пайсці вучыцца ў аўташколу. Калі вы адчуваеце, што яшчэ не ўсё сказалі, ёсць час выправіць. Многія, хто да нас прыходзіць, потым удзячны, што адкрылі для сябе новае жыццё, знайшлі яшчэ адну сям’ю, аддалілі ад сябе старасць. Творчыя людзі асаблівыя, у кожнага свой характар. Бываюць у нас і спрэчкі, але ўсё ў выніку зводзіцца да гумару.
Галоўнае маё патрабаванне да калектыву – на сцэну выходзіць у добрым настроі. Людзі прыйшлі на свята і ты павінен зрабіць усё, каб слухачы атрымалі пазітыўныя эмоцыі. Разам мы святкуем дні нараджэння, вучым тэксты новых песень, што развівае памяць, уключаем фантазію пры распрацоўцы касцюмаў, самі шыем іх. Збіраемся на рэпетыцыі, на канцэрты – трэба прывесці сябе ў форму, сукенку купіць, прычоску зрабіць. Старэць нам няма калі.
Алена БАКУН
Фота аўтара із архіва Юзэфы АЛЕЙНІК
Поделиться в соцсетях: