…Гэты першы чэрвеньскі дзень нібыта вырашыў у поўнай меры адкрыць на Кобрыншчыне сапраўднае лета. Празрыстае, ні хмарынкі, блакітнае неба, цёплы пяшчотны ветрык, непаўторны пах квітнеючай акацыі - ды чысты, жыццясцвярджальны гук дзіцячай песні. Такім запомніўся для кабрынчан Дзень абароны дзяцей – і фінальны канцэрт раённага конкурсу “Юныя таленты-2015”, якому сёлета спаўняецца 5 гадоў.
- На гэтай сцэне афітэатра сёння выступаюць самыя цудоўныя юныя таленты, - расказывае намеснік па культуры начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Гунько. – Можна сказаць з упэўненасцю: пяць гадоў існавання конкурсу не прайшлі дарэмна, юныя таленты на Кобрыншчыне множацца, растуць, удасканальваюць свае майстэрства, і хочацца сказаць вялікі “дзякуй” усім педагогам і кіраўнікам дзіцячых калектываў, якія рыхтуюць і гадуюць “зорачак” на нашай Кобрыншчыне.
І пацвярджэнняў гэтым словам не давялося доўга чакаць –з першых жа акордаў стала зразумела, што ўдзельнікі, як і іх педагогі, на самай справе не гублялі часу і ўдзялялі падрыхтоўцы самую сур’ёзную ўвагу. Паспрабаваць свае сілы ў гэты дзень прыйшлі самыя маленькія “зорачкі” і амаль што дарослыя выканаўцы з вопытам удзелу ў вядомых конкурсах, з гарадскіх устаноў і з сельскай мясцовасці. Такімі ж разнастайнымі аказаліся і песні, прадстаўленыя на суд журы, – вясёлыя і гарэзлівыя, як само дзяцінства, шчырыя і светлыя, як любоў да сваёй Радзімы, глыбокія і самаадданыя, як матчына любоў, нясмелыя і рамантычныя, як першае каханне… Мора экспрэсіі, сапраўдныя пачуцці і такія ж шчырыя апладысменты гледачоў, сярод якіх таксама пераважалі дзеці – самыя непадкупныя і непрадузятыя суддзі. Канцэрт прыпаў на дзень адкрыцця летніх лагераў, і вялікая зала амфітэатра была літаральна запоўнена маленькімі аматарамі эстраднага мастацтва.[gallery link="file" order="DESC" columns="4"]
Без перабольшання, канцэртная праграма была складзена так, што кожны нумар і кожны выканаўца станавіліся сапраўдным адкрыццём – нібыта каштоўны камень, яўляючы ўсім новыя і новыя грані свайго таленту. Як справядліва падкрэсліла, падводзячы вынікі конкурсу, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама старшыня журы Надзея Жук, такія конкурсы з’яўляюцца не толькі фундаментам станаўлення нашых “зорачак”, але і падставай іх далейшых поспехаў на больш высокім узроўні. Усяго гэтага магчыма дасягнуць толькі ў тандэме “бацькі-дзеці-педагогі” – выдатныя вынікі якога ўсе прысутныя і ўбачылі на працягу гэтага дня. Менавіта таму ў час урачыстай цырымоніі ўзнагароджання яны стаялі на адной сцэне – падзяляючы поспехі і ўзнагароды.

Дарэчы, дыпломы за ўдзел у конкурсе атрымалі ўсе ўдзельнікі-фіналісты. Але на тое і конкурс, каб выдзеліць пераможцаў: у малодшай групе лепшай з лепшых стала Аляксандра Карабчук, а ў старэйшай - Лізавета Козак. Што ж датычыцца прыза сімпатый гледачоў, то яго ўладальнікам па праве стаў Леанід Літвінец і непараўнальная “Санта Лючыя”.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.