Магазін “Еўраопт”
Яго будаўніцтва пачалося ў канцы мінулага года па вул. Дружбы (насупраць новай АЗС). Зямельны ўчастак набыло ААТ “Еўра-гандаль”, якое з’яўляецца структурным падраздзяленнем сеткі магазінаў “Еўраопт”, шырока вядомай у Беларусі.
Сёння тут актыўна вядуцца будаўнічыя работы. Тэрмін уводу аб’екта ў дзеянне – трэці квартал бягучага года. На гандлёвых плошчах да 1000 квадратных метраў плануецца развярнуць шырокі гандаль прадуктовымі і прамысловымі таварамі самага разнастайнага асартыменту. Таксама будзе дзейнічаць кавярня. “Еўраопт” вядомы палітыкай даволі памяркоўных цэн, таму будзем спадзявацца, што ён складзе дастойную канкурэнцыю іншым гандлёвым арганізацыям.
Супермаркет “АЛМІ”
Яго будаўніцтва павінна развярнуцца сёлета на перакрыжаванні вуліц Дружбы і Паркавай. Дагавор арэнды на зямлю заключаны з ААТ “Юніфуд” – структурным падраздзяленнем сеткі магазінаў “АЛМІ”. Супермаркет, які зойме плошчу да 3000 квадратных метраў, будзе весці гандаль у асноўным харчовымі таварамі. Таксама прадугледжана будаўніцтва аўтамабільнай стаянкі на 140 машын.
Прадуктовы магазін фірмы “Усход”
Яшчэ адна гандлёвая кропка павінна паўстаць па вул. Дзяржынскага, у раёне аўтазаправачнай станцыі. Праектныя работы па яе ўзвядзенні распачало ААТ “Усход”, якое з’яўляецца структурным падраздзяленнем СП “Санта-Брэмар”. Натуральна, што асартымент новага магазіна таксама будзе прадуктовы. Яго гандлёвыя плошчы зоймуць каля 900 квадратных метраў.
Ігар Сідарук
фота аўтара
Поделиться в соцсетях: