Для вучняў сярэдняй школы №6 слова валанцёры не пусты гук. Ва ўстанове ўжо больш за тры гады функцыянуе гурток з адпаведнай назвай. Яго кіраўніцтва ажыццяўляе педагог дадатковай адукацыі Таццяна Кузьміч.
Змест праграмы ўключае пытанні па праблеме ВІЧ і СНІД, якая даўно перайшла ў ранг сацыяльных. Надзяляецца ўвага і антыпрапагандзе шкодных звычак: наркотыкаў, курэння, алкаголя. Курс праграмы разлічаны на два гады і ўтрымлівае тэарэтычную і практычную частку. Спачатку дзеці вучацца працаваць з інфармацыяй, авалодваюць навыкамі трэнінгавай работы, пасля - нясуць карысныя веды ў масы, у тым ліку і праз удзел у разнастайных сацыяльных акцыях.
Навучанне вядзецца праз інтэрактыўныя формы. Як адзначыла Таццяна Віктараўна, матэрыял, атрыманы ў непасрэднай абстаноўцы, запамінаецца надоўга. У кожнага з выхаванцаў – свая дарога да “Валанцёраў”. Напрыклад, для вучаніцы 7 “А” класа Дар’і Вароніч гурток – своеасаблівая аддушына, дзе можна выказацца і, як заўважыла дзяўчынка, ты абавязкова будзеш пачуты. Для былых гуркоўцаў, аднакласніц Дар’і Ярыніч і Марыны Верас, стымулам у свой час стала жаданне зрабіць свой клас (цяпер 9 “Б”) свабодным ад шкодных звычак. Дарэчы, са стратай статусу гурткоўца па заканчэнні курса званне “валанцёра” не страчваецца.
“Валанцёрства – не проста дзейнасць, гэта стан душы чалавека, што праяўляецца ў патрэбе рабіць дабро”, - адзначыла Таццяна Кузьміч і запрасіла юных выхаванцаў на чарговыя заняткі.
Людміла Дубіна
Фота аўтара