Вікторыя Давідовіч і Ала Шпак
Беларусь багатая на таленавітых і творчых людзей. Некаторыя з іх сталі знакамітымі асобамі не толькі на сваёй малой радзіме, але і далёка за яе межамі. А іншыя ўсё жыццё прысвяцілі роднаму краю і тым самым унеслі вялікі ўклад у развіццё свайго рэгіёну.Нашы землякі – сапраўдны гонар нашай Бацькаўшчыны. Шмат старонак спатрэбіцца для таго, каб скласці аповед пра тых асоб, дзейнасць якіх увайшла ў скарбонку талентаў нашай краіны. Шмат імён яшчэ чакаюць свайго даследчыка.
У 2019 годзе ў рамках рэспубліканскай акцыі «Я гэты край Радзімаю заву» для юных краязнаўцаў-даследчыкаў роднага краю проводзіўся конкурс даследчых работ «Малая радзіма вялікіх людзей». Напрыканцы 2019 года праведзены рэспубліканскі этап і вызначаны яго пераможцы і прызёры.
Конкурс праводзіўся па намінацыях «Пуцявінамі маіх землякоў» і «Постаці слаўныя краю майго». Канкурсанты першай намінацыі даследавалі жыццё і дзейнасць землякоў, якія зрабілі значны ўклад у культурную, грамадскую, палітычную дзейнасць краіны, рэгіёну, малой радзімы ў розныя гістарычныя перыяды. Сярод пераможцаў ёсць навучэнцы ўстаноў адукацыі і нашага раёна. Дыпломам II ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Ганна Абрамчук, Юлія Кіперчук, Вольга Свіржэўская (ДУА «Астроміцкая сярэдняя школа», кіраўнік Таццяна Тунчык), Аляксанда Смаль, Крысціна Ільіна (ДУА «Сярэдняя школа № 9 г. Кобрына», кіраўнік Віталія Казарына).
Парадавалі і вынікі творчага конкурсу ў намінацыі «Постаці слаўныя краю майго», які праводзіла рэдакцыя газеты «Пераходны ўзрост». Амаль паўгода юныя журналісты дасылалі ў газету лісты, у якіх распавядалі пра справы і дасягненні славутых суайчыннікаў на карысць вялікай і малой радзіме. Лепшыя работы друкаваліся на старонках газеты. Сярод работ, надрукаваных на старонках «Пераходнага ўзросту», ёсць сачыненні і нашых навучэнцаў – Дзіяны Рабчынскай (ДУА “Дзіцячы сад-сярэдняя школы № 4 г. Кобрына, кіраўнік Ірына Здановіч), Таццяны Назарук (Хідрынскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа, кіраўнік Ірына Назарук) і Вікторыі Давідовіч (Лукская сярэдняя школа, кіраўнік Ала Шпак).
Яны атрымаюць дыпломы лаўрэатаў ад газеты «Пераходны ўзрост».
Мы ганарымся юнымі краязнаўцамі Кобрыншчыны.
Валянціна ІГНАЦЮК, загадчык аддзела краязнаўства ДУА “Кобрынскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства”.
Поделиться в соцсетях: