У Кобрыне з важнай місіяй
31 сакавіка наш горад наведала дэлегацыя з Польшчы. Нагодай для візіту суседзяў з Захаду стаў удзел кабрынчан у VI міжнародным двухгадовым конкурсе мастацкай творчасці моладзі “Захапленні і таленты-2016”, галоўным прызам якога стане статуэтка бургамістра г. Бельска-Падляскага “Залатая, сярэбраная і бронзавая палітра”.
Змагацца за прызнанне польскіх аматараў мастацтва нараўне з юнымі мастакамі з Малдовы, Англіі, Польшчы вырашылі выхаванцы Кобрынскага Палаца культуры, раённага цэнтра дзіцячай творчасці і Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Дарэчы, з конкурснымі работамі апошніх мы пазнаёміліся, перш чым яны “пакінулі” радзіму.
Выстаўка “Мастацкая творчасць, натхнёная музыкай ці тэатрам” стваралася рукамі таленавітых навучэнцаў каледжа на працягу месяца. Каля 50 работ, выкананых у разнастайных тэхніках выяўленчага мастацтва, уражвалі глыбінным сэнсам і філасафічнасцю. Напрыклад, трыпціх “Рэпетыцыя” Алісы Шыманчык, увасоблены ў жанры мастацкай фатаграфіі, перадае творчую атмасферу “закулісся”, адкрывае гледачу тое, што знаходзіцца па-за яго ўспрыманнем. Ад таго, чым напоўнены апошнія хвіліны акцёраў перад выхадам на сцэну, якімі эмоцыямі яны прасякнуты адзін да аднаго, да людзей, якія чакаюць іх у глядацкай зале, залежыць, якім будзе фінал прэм’еры, сцвярджае васямнаццацігадовы аўтар. Героі ж фотамастачкі жыццярадасныя, поўныя моцы і надзеі, натхнёныя і творчыя. Ва многіх работах чыталіся казачныя і фантастычныя, этнаграфічныя і нацыянальныя матывы. Адносна апошніх польскія госці заўважылі, што іх захапляе трапяткое стаўленне беларусаў да свайго мінулага, асабліва да фальклору. “Ісці наперад, азіраючыся назад, гэта правільна”, - такой думкі прытрымліваецца дырэктар Бельск-Падляскага Дома культуры Малгажата Біль-Ярузэльска і яе калегі: галоўны інструктар па справах тэатра Эльжбета Фіёнік і кіраўнік мастацкай адукацыі Марыя Бабулевіч. Вялікі інтарэс у польскіх гасцей выклікала экскурсія па музеі каледжа, у якім размешчана каля 3000 экспанатаў, якія ў поўнай меры адлюстроўваюць нацыянальны каларыт беларусаў.
Часцінку спагадлівай, сардэчнай беларускай душы ў выглядзе сувеніраў польскім дэлегатам перадаў дырэктар Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Васілій Дземідовіч. Так, творы выхаванцаў установы сталі не толькі прадметам даследавання на адзнаку “таленавітасці”, але і палымяным прывітаннем з Кобрына ў горад-пабрацім Бельск-Падляскі. Што датычыцца вынікаў конкурсу, яны будуць падведзены ў межах святкавання ХХХVII Дзён Бельска-Падляскага 2 чэрвеня.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.