Менавіта столькі школ Кобрыншчыны пажадалі атрымаць статус "зялёныя", адзначыла спецыяліст па адукацыі праекта ЕС/ПРААН "Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь" Ірына Клявец.
Паводле слоў Ірыны Рамуальдаўны, на атрыманне сертыфікатаў прэтэндуюць сем школ, сярод якіх Мінянская, Шамятоўская, Хідрынская, Верхалеская, СШ №9 г. Кобрына і іншыя.
- Да праграмы "Зялёныя школы" мы далучыліся яшчэ два гады таму, а цяпер вырашылі падаць дакументы на сертыфікат. Фактычна наша школа была адной з першых у раёне, хто паспрабаваў сябе ў праекце. Мы пачалі ўдзельнічаць у семінарах і трэнінгах, атрымалі абсталяванне - біноклі, сачкі, лупы і тэлескоп, а таксама метадычную літаратуру. У мінулым і пазамінулым гадах правялі маніторынг па цеплавой, электрычнай энергіі і па вадзе. У гэты ж час пачаўся пастаянны факультатыў “Энергазберажэнне". А вось сёлета збіраемся правесці аўдыт выкарыстання смецця ў нашай школе, - расказвае дырэктар Мінянскай сярэдняй школы Галіна Молчан.
Для таго, каб школа атрымала статус "зялёнай", яна павінна актыўна працаваць па пяці вызначаных накірунках - "Біяразнастайнасць на прышкольнай тэрыторыі", "Энергетыка", "Вада", "Адходы" і "Мясцовая супольнасць" (усяго 30 заданняў).
Напрыклад, у раздзеле "Біяразнастайнасць" школьнікам прапаноўваецца навучыцца вызначаць віды кветак, назіраць за насякомымі, жывёламі і птушкамі. Яны таксама могуць ствараць штучныя азёры, кармушкі і гнёзды для птушак, лятучых мышэй, дапамагаць вожыкам і г. д.
У раздзелах "Вада" і "Электраэнергія" вучні разам з настаўнікамі праводзяць аўдыт выкарыстання гэтых рэсурсаў у школе, потым ствараюць план па іх эканоміі і праводзяць кантрольны аналіз мер эканоміі. Практычна па той жа схеме ідзе работа і з адходамі. Самі школьнікі прапаноўваюць варыянты, як зменшыць колькасць смецця ў сваёй школе. А вось накірунак "Мясцовая супольнасць" прапаноўвае стварэнне разнастайных экалагічных фестываляў і конкурсаў, правядзенне акцый не толькі ў межах школы, але і ў сваім населеным пункце.
Для атрымання двухгадовага сертыфіката трэцяй ступені патрэбна выканаць не менш як 10 заданняў з усіх пяці раздзелаў, другой ступені - 17 і першай - 25 заданняў. Сертыфікат даецца на тэрмін два гады. Пасля яго патрэбна пацвярджаць.
- Праект "Зялёныя школы", які падтрымліваецца і Міністэрствам адукацыі, і Міністэрствам аховы прыроды Рэспублікі Беларусь, ахоплівае 40 тысяч школ у 46 краінах свету. Ён дае магчымасць сістэматызаваць і мадэрнізаваць усю тую экалагічную работу, якая вялася ў школах, абменьвацца напрацоўкамі і доследам з усім светам, - адзначае метадыст упраўлення адукацыі Кобрынскага райвыканкама Вера Літвінюк. - І, як паказвае практыка, праект падабаецца і дзецям, і дарослым.
Падаць заяўку на ўдзел у праграме "Зялёныя школы" можна ў любы час.
Настасся ЗАНЬКО.
Поделиться в соцсетях: