Яркую і душэўную атмасферу стварыў у Кіселявецкай сярэдняй школе сваім выступленнем народны фальклорны гурт «Магдаліна», які дзейнічае пры Магдалінскім Доме культуры.
13 сакавіка, "Кобрынскі веснік"/ Мерапрыемства ператварылася ў сапраўдныя беларускія вячоркі. Прысутных адразу ахапіла такое пачуццё, быццам яны апынуліся ў вясковай хаце, дзе гучаць песні, жарты і жывыя гісторыі, перададзеныя праз пакаленні.
Удзельніцы гурта з першых хвілін захапілі ў палон гледачоў сваімі галасамі, народнымі касцюмамі. Адчувалася іх шчырая любоў да беларускай культуры. У выкананні артыстаў гучалі песні, што спрадвеку суправаджалі вячоркі: вясёлыя прыпеўкі, лірычныя матывы, жартоўныя дыялогі.
Кожны нумар быў не проста выступленнем, а маленькай гісторыяй пра жыццё, традыцыі і душу беларусаў. Асобае месца ў праграме заняла тэма роднай мовы. Выканаўцы нагадалі, што менавіта праз песню, слова, генетычную памяць народ захоўвае сваю самабытнасць.
Яны падкрэслілі: мова жыве там, дзе яе любяць, на ёй спяваюць, дзе яна гучыць натуральна і шчыра, я кпадчас такіх сустрэч. Вучні і настаўнікі не толькі слухалі, але і актыўна ўдзельнічалі: падпявалі, танцавалі, паўтаралі рухі, жартавалі разам з артысткамі.
Такія моманты ствараюць асаблівую еднасць і паказваюць, што традыцыі – гэта не мінулае, а жывая частка сучаснасці. Канцэрт гурта «Магдаліна» стаў цудоўным падарункам – святам, якое нагадвае: беларуская мова – наш скарб, песня, памяць і будучыня.
Елена БАКУН
Фото из открытых источников (иллюстрация)
Поделиться в соцсетях: