Сонечнае надвор’е, вясёлая мітусня – і амаль што незразумелае жаданне абавязкова што-небудзь набыць. Гэта – традыцыйныя восеньскія селькагаспадарчыя кірмашы, якія ў мінулыя выхадныя разгарнуліся для пакупнікоў Кобрыншчыны. Мы наведалі кірмаш па вуліцы Настасіча. Як аказалася – не прагадалі.Сваю прадукцыю ў раёне былога ваеннага гарадка прадстаўляў цэлы шэраг вытворцаў, сярод якіх былі як буйныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, так і індывідуальныя прадпрымальнікі. Прысутнічалі ААТ “Агра-Кобрынскае”, ААТ “Астромічы”, СВК “Пакроўскі”, СВК “Батчы”, Кобрынская сортавыпрабавальная станцыя, ААТ “Кісялёўцы” і іншыя. Вялікі ажыятаж выклікалі і гандлёвыя кропкі Кобрынскай птушкафабрыкі, з якіх мы пачалі наш маршрут.
- Сёння прапаноўваем спажыўцам шырокі спектр прадукцыі нашага прадпрыемства, - расказвае загадчык гандлёвага аб’екта ААТ “Кобрынская птушкафабрыка” Святлана Уйміна. – У асартыменце як гатовыя вырабы – смажаныя і вэнджаныя вырабы, рулеты, каўбаса з мяса птушкі і іншыя, так і паўфабрыкаты. І, зразумела, яйкі.За апошнімі, дарэчы, таксама адразу ж выстраілася жывая і бадзёрая чарга. Надта ўжо прывабнымі былі цэны. Так, яйкі ў гэты дзень разыходзіліся па 12 тысяч 700 рублёў і па 10 тысяч рублёў за дзясятак. А зусім побач моцна білі хвастамі вялізныя карпы і таўсталобікі – побач з машынай птушкафабрыкі размясцілася кропка рыбгаса “Днепра-Бугскі”. Ішоў гандаль і на прылаўках Кобрынскага райпо.
Добры выбар быў у плане агародніны – у прыватнасці, бульбы. Да ўвагі пакупнікоў прапаноўваліся такія гатункі, як “Уладар”, “Лілея”, “Зарніца”, “Скарб” і іншыя. Цана на бульбу цвёрда трымалася на ўзроўні 3 тысяч за кілаграм. Цана на цыбулю вагалася ад 3-х да 4,5 тысячы рублёў. Побач сваіх пакупнікоў чакалі капуста, морква, яблыкі, пшаніца - усяго не пералічыць. Шырокі асартымент саджанцаў яблынь, груш і іншых садовых дрэў таксама знайшоў шмат пакупнікоў.Ну і які ж кірмаш без мёду? Лугавы і грэцкі, цёмны і светлы… Не ўтрымаліся і мы – слоічак гэтай янтарнай прыгажосці заняў сваё месца ў сумцы побач з фотаапаратам і дыктафонам. Каб потым, за кубкам моцнай гарбаты, гледзячы на празрысты і халодны восеньскі вечар, яшчэ раз адчуць водар лугавых кветак, шолах цёплага ветрыку – і хаця б на хвілінку вярнуцца ў атмасферу мінулага лета…Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: