Буракапагрузчык «Ropa EuroMaus» аграрыі пяшчотна называюць “мышкай”. Нібыта руплівы грызун, ён згружае ў кузаў грузавіка толькі клубні, вытрасаючы з іх смецце. У ААТ «Пакроўскі” ў разумнай машыны многа работы – сярэдняя ўраджайнасць цукровых буракоў тут перавышае 450 ц/га.
Дырэктар ААТ “Пакроўскі” Яўген Нічынгер (справа) і сервісны інжынер ПВГУП “Белджыдысервіс” Аляксандр Ткач абмяркоўваюць ход адгрузкі цукровых буракоў
- Пад цукровыя буракі ў нас занята 357 га, - расказвае дырэктар гаспадаркі Яўгеній Нічынгер. – Па стане на сённяшні дзень ужо прыбрана 254 га, засталося прыбраць яшчэ 103. Ураджайнасць добрая – год можна назваць паспяховым.На момант нашага візіту ААТ “Пакроўскі” завяршала выкананне дзяржаўнага заказу, згодна якога патрэбна адгрузіць 10 тыс. 270 т салодкай культуры. Марнаваць час нельга – цукровы бурак, калі доўга ляжыць на полі, адчувальна губляе ў вазе. Адгрузка вядзецца ў цесным супрацоўніцтве з ПВГУП “Белджыдысэрвіс”, якое і прадаставіла пагрузчык-“мышку”.
Як адзначае сэрвісны інжынер прадпрыемства Аляксандр Ткач, такі спосаб пагрузкі мае шэраг пераваг у параўнанні са звычайным “Амкадорам” – бурак транспартуецца ў кузаў любой вышыні, буракі не пашкоджваюцца, зніжаецца забруджанасць. Так, пры звычайнай пагрузцы працэнт бруду ў бураках можа даходзіць да 16-20% ад агульнай вагі. «Ropa EuroMaus» дазваляе знізіць гэты паказчык да 6-7%. Як вынік – якасць буракоў, якія пастаўляюцца на Жабінкаўскі цукровы завод, значна павышаецца.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота Дзмітрый БЯЛОЎ.
Поделиться в соцсетях: