- Што, ізноў кавун купіла? – зацікаўлена запыталася каля крамы нейкая бабуля сваю маладую суседку. – Які прыгажун… Відаць, астраханскі?
- Ды не. Гэта нашы, бельскія, – усміхнулася задаволена субяседніца. – А на смак – ну проста не адарвацца…
У СВК “Бельскі” такіх прыгажуноў - цэлае поле. Кавунамі тут займаюцца вось ужо тры гады – сёлета плошчы пасеваў вялізных паласатых ягад занялі 10 гектараў. Аб тым, як ідзе кавуновая справа ў гаспадарцы, мы запыталіся ў старшыні СВК Віталя Гурыча.
- Вельмі прыемная асаблівасць кавуноў як культуры ў тым, што яны могуць даваць добрыя ўраджаі на самых, здавалася б, неўрадлівых глебах, - расказвае Віталь Фёдаравіч. – Узяць, напрыклад, вось гэтае поле – бальнасць тут складае каля 21-23, суцэльны пясок. Спрабавалі вырошчваць кукурузу, жыта – але высокіх ураджаяў чакаць не даводзілася. Вырашылі паспрабаваць кавуны…
Спроба аказалася ўдалай. Магутная каранёвая сістэма кавуна можа выкачваць ваду з глыбіні да 7-мі метраў, даспадобы яму і пясчаныя глебы. Усё, што патрэбна, – цёплае сонейка. Першая кавуновая плантацыя ў СВК “Бельскі” займала ўсяго толькі 30 сотак – у ходзе выпрабаванняў доследным шляхам вызначылі сарты, якія падыходзяць да нашых кліматычных умоў. Цяпер у Бельску вырошчваюць 2 галандскія гібрыды – “топ ган” і “раманза”. Але, як адзначае старшыня, у будучыні плануецца пашырэнне – кавуны сябе апраўдваюць.
- Як паказала практыка, пры добрым надвор’і ўраджайнасць можа даходзіць да 250-300 цэнтнераў з гектара, - пагладжваючы вялізны бліскучы кавун, расказвае Віталь Гурыч. – Што датычыцца рэнтабельнасці, то яна для гэтай культуры складае 120%.
Не патрабуюць кавуны і вялікіх затрат на сваё ўтрыманне. Цікавы факт - ніякіх хімікатаў для барацьбы з пустазеллем у СВК “Бельскі” не ўжываюць, абмяжоўваюцца міжрадковай праполкай, для чаго зрабілі дыскавую барану, і ручной апрацоўкай. Так што можна быць упэўненым – сваё пачэснае месца на рынку смачныя паласатыя прыгажуны з СВК “Бельскі” заваююць абавязкова.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: