У суботу, 8 жніўня, з самай раніцы ў дырэктара ААТ “Астромічы” Уладзіміра Псышчаніцы быў добры настрой: і справы ладзіліся, і надвор’е радавала. САпраўды дзень склаўся ўдала, пад вечар з палеткаў прыйшла добрая вестка – камбайнеры завяршалі жніво каласавых. Таму ўсё кіраўніцтва акцыянернага таварыства накіравалася ў поле, каб павіншаваць удзельнікаў уборачнай з працоўнай перамогай.
Тут, на збожжавым палетку, дзе спыніліся разгарачаныя працай камбайны, загучалі музыка і песні мясцоваых самадзейных артыстаў у гонар хлебаробаў, а жнеі паднеслі дырэктару гаспадаркі Уладзіміру Псышчаніцы сноп збажыны з важкімі каласамі. Падводзячы вынікі сёлетняга сезона, Уладзімір Уласавіч шчыра падзякаваў земляробам за зладжаную працу, якая прыносіць добры плён.І гэта сапраўды так, кожны год камбайнеры павялічваюць намалот зерня. Летась, напрыклад, валавы збор яго склаў 3600 тон (на 1000 тон больш, чым у папярэднім годзе), а сёлета пры ўраджайнасці з кожнага гектара ў 38 цэнтнераў агульны намалот каласавых збожжавых дасягнуў 3800 тон. І гэта, як лічаць у Астромічах, не мяжа. Упаўне рэальны выхад на 5000-тонны збор ураджаю. На гэта і нацэльвае кіраўніцтва гаспадаркі хлебаробаў, прымае канкрэтныя захады па сортаабнаўленню, багатай запраўцы глебы ўгнаеннямі – увогуле павышэнню культуры земляробства.
Што датычыцца пераможцаў жніва, то прызнанне і ўдзячнасць за руплівасць і майстэрства атрымалі ўсе, хто змагаўся за ўраджай. Асаблівая падзяка адрасавалася экіпажам камбайнераў-“тысячнікаў”. Імі сёлета сталі ў Астромічах Іван Назарчук з памочнікам Сяргеем Дзецуком і Аляксандр Дзяшко з памочнікам Юрыем Піліповічам.
...Жніво завершана, а напружаная работа ў гаспадарцы працягваецца. Камбайнеры дапамогуць убіраць ураджай суседзям, астатнія працаўнікі гаспадаркі назапашваюць кармы, закладваюць трывалую аснову будучага ўраджаю. Як адзначалася ў час урачыстасцей, калі задачы намечаны, то іх трэба выконваць, слова трымаць.
Аляксей МАКСІМЧЫК.
НА ЗДЫМКУ Анатолія ШУГАЯ: пераможцы жніва 2009 года ААТ “Астромічы” (злева направа) Юрый Піліповіч, Аляксандр Дзяшко, дырэктар ААТ “Астромічы” Уладзімір Псышчаніца, Іван Назарчук і Сяргей Дзяцук.