Дакрануцца да свету прыгожага даў магчымасць кабрынчанам і гасцям горада Міжнародны марафон маладзёжнай творчасці “Лета-2015”, арганізатарам якога выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама. Мерапрыемства такога роду ў Кобрыне праводзілася ўпершыню, фармат яго быў выбраны з улікам вынікаў шматгадовых маніторынгаў кобрынскіх творчых праектаў.
На ўдзел у марафоне было пададзена каля ста заявак ад маладых таленавітых людзей з Беларусі, Польшчы і Украіны. Тэма сяброўства прайшла чырвонай ніткай праз святочную праграму “Мы такія розныя”, якая 14 жніўня ў Палацы культуры дала старт фестывалю. Як заўважыў у час урачыстага адкрыцця марафону старшыня Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Зазуля, развіццё народнай дыпламатыі з суседнімі краінамі, у тым ліку і ў культурнай сферы, з’яўляецца дзейсным метадам згуртавання людзей, спрыяе іх мірнаму суіснаванню, таму работа па развіцці трансгранічнага супрацоўніцтва працягнецца. Такую ж думку выказалі і замежныя госці – бургамістр горада Менджыжац Падляскі Збігнеў Кот і кіраўнік Ковельскай раённай Рады Ігар Вэрчук.
Афіцыйны цырыманіял плаўна змяніўся на творчыя візіткі кожнай з намінацый: вакальнага і візуальнага мастацтваў, цыркавога мастацтва і акрабатыкі, экстрэмальных відаў спорту і новых музычных накірункаў (біт-боксінг, рэп).
Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук, у межах фестывалю бюло імкненне ахапіць усе маладзёжныя сферы, даўшы тым самым магчымасць рэалізацыі здольнасцяў кожнаму ўдзельніку.
Мы такія розныя
А ў поўнай меры атрымаць асалоду ад творчасці канкурсантаў можна было 15 жніўня. На розных пляцоўках у горадзе яны дэманстравалі свае магчымасці. Самай шматлікай сярод намінацый стала вакальнае мастацтва - тут было заяўлена больш за 30 удзельнікаў. Удзельнічалі ў песенным спаборніцтве і юныя “зорачкі” Кобрыншчыны Алена Тоўсцік і Елізавета Козак.
Вялікую цікавасць у прадстаўнікоў маладзёжнага асяроддзя выклікалі канкурсанты-экстрэмалы. У намінацыі “Актыўны экстрэмальны спорт” насычаную праграму прадставілі ўдзельнікі Школы ролераў горада Брэста. А вось кабрынчане аддалі перавагу веласіпеднаму экстрыму і катанню на скейтбордах. Спрытнымі і бясстрашнымі, а яшчэ вясёлымі паказалі сябе і намінанты цыркавога мастацтва, у тым ліку і кобрынскія калектывы: узорная цыркавая студыя “Сонейка” і дзіцячы акрабатычна-цыркавы калектыў “Вяснушкі”.
Аматараў прыгажосці сабрала пляцоўка візуальных мастацтваў, арганізаваная ў выставачнай зале Палаца культуры. Тут прадставілі свае работы маладыя фатографы і мастакі, дызайнеры адзення, майстры бодзі-арта і пескаграфіі. Многія з ўдзельнікаў – прызнаныя творцы. Напрыклад, імя Яўгенія Грыгарука, навучэнца Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і ўдзельніка клуба пескаграфіі “Палітра” паводле вынікаў конкурсу “Арт-вакацыі-2013” занесена ў банк адоранай моладзі Рэспублікі Беларусь.
Людміла ДУБІНА.
У распараджэнне прадстаўнікоў маладзёжных субкультур аддалі кінатэатр “Вясёлка”. Спачатку беларускія і ўкраінскія хлопцы на пляцоўцы каля кінатэатра паказалі прысутным цуды паркура. Адштурхоўваючыся ад перашкод і бардзюраў, юнакі літаральная ляталі ў паветры, пры гэтым перакульваліся, бы сапраўдныя акрабаты.
Потым дзеянне перамясцілася ў фае кінатэатра, дзе размясцілася імправізаваная пляцоўка “Стрыт-пульс”. Рэперы, біт-боксінгеры і майстры вулічных танцаў спаборнічалі ў незвычайных для дарослых, але такіх “родных” для моладзі мастацтвах. Асабліва ўразіла гукавое імітаванне ад Канстанціна Верамейчука. У заключэнне на гэтай пляцоўцы прайшощ конкурс ды-джэяў.
Апошні акорд
Закрыццё марафону маладзёжнай творчасці адбылося ў парку імя А. В. Суворава, дзе пераможцы і прызёры атрымалі ўзнагароды з рук намесніка старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянціна Трубчыка і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Надзеі Жук.
У актыўным экстрэмальным спорце лепшымі сталі Юлія Антанюк (ролер-спорт) і Юрый Ляпуноў (скейт-бордзінг) з Брэста, Дзмітрый Харошка (вела-экстрым) з Кобрына. Сярод трэйсераў перамог Іван Катлабай з Рэчыцы, а першае месца сярод танцораў заняў танцавальны калектыў “Рэмейк” з аграгарадка Хідры. Перамогу сярод рэпераў атрымаў кобрынскі дуэт Арцёма Іванюка і Ільі Мальчука, а лепшым у біт-боксінгу стаў Канстанцін Верамяйчук (аг. Хідры). Сярод ды-джэяў журы аддало перамогу Максіму Чыруку з Астроміч. У візуальным мастацтве першае месца сярод маладых мастакоў заняла Ніка Трус з Кобрына, лепшай вышыўкай прызнаны работы таксама кабрынчанкі Вольгі Гарохавай. У пескаграфіі перамога аддадзена Яўгену Грыгаруку і Аляксандры Паповай з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Кабрынчане перамаглі і ў дызайне аддзення, фотамастацтве і бодзі-арце: Юрый Сіманаў, Іван Мішчук і Вольга Кірылюк адпаведна. Узорная цыркавая студыя “Сонейка” Кобрынскага Палаца культуры ў чарговы раз даказала, што яна лепшая ў цыркавым мастацтве і акрабатыцы. Непераўзыдзеным у інструментальнай музыцы быў Уладзімір Гушча з Шамятоўскага Дома культуры, які выканаў асабісты твор. Намінацыя “вакал” падзялілася на дзве ўзроставыя групы: малодшую і старэйшую. Сярод малодшых журы аддало перавагу Вікторыі Дубок з Кобрына, у старэйшых перамагла Святлана Рабчук з Ковеля. У калектыўных выступленнях лепшай стала студыя песні “Фарт” з Польшчы.
Закончылася маладзёжнае свята канцэртам “У нас, маладых, наперадзе гады”, у якім прынялі ўдзел як пераможцы марафону, так і госці імпрэзы.
Наталля НІЖНІК.[gallery link="file" order="DESC" columns="4"]
Фота Людмілы ДУБІНЫ і Наталлі НІЖНІК.