Прыгожыя дзіцячыя спевы, выдатная акцёрская гульня юных удзельнікаў і вялікае жаданне данесці любоў да роднага краю…
Творчая атмасфера панавала на сцэне Дзівінскага цэнтра культуры і вольнага часу, куды напярэдадні 8 сакавіка ў рамках украінска-беларускага праекта “Праз вывучэнне культуры суседняга народа – да ўстойлівага партнёрства і ўзаемаразумення”, фінансуемага Еўрасаюзам, прыехалі юныя акцёры з вёскі Залісы Ратнаўскага раёна, каб паказаць усю глыбіню любові да роднай мовы і культуры праз пастаноўку “Лесіна казка”, прысвечаную дню нараджэння выдатнай украінскай пісьменніцы Лесі Украінкі.
У рамках праекта, галоўнай мэтай якога з’яўляецца наладжванне культурных сувязяў, гэта другая сустрэча.
За аснову сюжэта былі ўзяты шматлікія фальклорныя казкі і песні, якія збірала на Валыні Леся Украінка. Дзеці расказалі некаторыя звесткі з біяграфіі пісьменніцы, зрабіўшы акцэнт на тым, што хоць Леся Украінка была родам з заможнай сям’і, заўсёды цікавілася жыццём народа і яго творчасцю. Яна з’яўляецца аўтарам шматлікіх зборнікаў казак, легенд, песень.
Дзеці ў пастаноўцы пафантазіравалі, як пісьменніца збірала фальклор, якія казкі і пра каго любіла чытаць і слухаць. Дзіцячая чысціня, дабрыня, наіўнасць і прыгажосць далі магчымасць у каторы раз упэўніцца ў тым, што дзеці – самы лепшы праваднік пачуццяў і любві да роднага краю. Дадалі каларыту выдатныя ўкраінскія нацыянальныя касцюмы і дэкарацыі. Высокія мастацкія якасці пастаноўкі адзначыла начальнік адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук. Яна ацаніла падрыхтоўку дзяцей, іх выдатную гульню і патрыятычнае выхаванне.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: моманты пастаноўкі “Лесіна казка”.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: