Пад знакам чуласці і дабрыні

Калядныя вечары… Святочны стол, добрыя душэўныя спевы, непаўторная, амаль што казачная атмасфера. Здаецца, што ў гэтую цудоўную пару могуць споўніцца ўсе самыя патаемныя жаданні – а людзі міжволі настройваюцца на самы добры лад.

Менавіта ў такой атмасферы прайшлі калядныя мерапрыемствы ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Кобрынскага ТЦСАН. Мы наведалі першы этап –“Калядная свечка”, які праводзіўся для тых пажылых грамадзян, хто знаходзяцца на надомным сацыяльным абслугоўванні, у рамках акцыі “Ражджаство Хрыстова, слаўся!”.

А пачалося мерапрыемства, зразумела, са святочнай каляднай праграмы, якую прадставілі прысутным навучэнцы нядзельнай школы пры Свята-Аляксандра-Неўскім саборы.

– Мы дзелімся радасцю аб Хрысце, які нарадзіўся, – расказвае благачынны цэркваў Кобрынскай акругі протаіерэй Багдан Хама. – І самі радуемся гэтай вялікай падзеі. У гэтыя святочныя дні асабліва хочацца, каб мы ўсе сталі больш уважлівымі – у тым ліку да тых, каму гэтая ўвага патрэбная ў першую чаргу, – слабых, хворых і немачных.

Праграма спадабалася ўсім. Цудоўны калядны спектакль у выкананні навучэнцаў нядзельнай школы і калядныя песні выдатна дапоўнілі самі сацыяльныя работнікі, якія прадставілі на суд гледачоў спевы ва ўласным выкананні. Ну і, зразумела, якое ж свята без падарункаў? А фіналам мерапрыемства стаў святочны стол, арганізаваны на сродкі Кобрынскага ТЦСАН.

Але на гэтым свята ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Кобрынскага ТЦСАН не скончылася – увечары тут адбылося яшчэ адно мерапрыемства. Аддзяленне прымала клуб “Сустрэча”, добра вядомы кабрынчанам па свайму ўдзелу ў самых разнастайных культурных мерапрыемствах.

І сапраўды, энергія ўдзельнікаў клуба проста ўражвае. Калядкі і народныя спевы, гумарыстычныя выступленні не пакінулі абыякавым нікога – і зрабілі атмасферу вечара на самой справе святочнай. Як адзначыла Вера Жуковіч, кіраўнік клуба “Сустрэча”, будзе вельмі добра, калі канцэрт стане своеасаблівай першай ластаўкай будучай плённай працы з Кобрынскім ТЦСАН.

– Ведаеце, пажылыя людзі здольныя вельмі на многае, – дзеліцца сваімі думкамі Вера Жуковіч. – А наша задача – што называецца, абудзіць іх, даць зразумець сваю ролю, паказаць, што жыццё з’яўляецца цікавым і разнастайным. Нельга не адзначыць і той факт, што правядзенне нашай сустрэчы ў гэтым мікрараёне, магчыма, адкрые гэтае самае жыццё для тых, хто не заўсёды можа дабрацца да цэнтра горада, дзе, як правіла, праходзіць большасць культурных мерапрыемстваў.

Адшумелі святочныя мерапрыемствы, уручаны падарункі… Але не заканчваецца святочны настрой, добры запал якога атрымаў, без сумнення, кожны з наведвальнікаў. І вясёлыя агеньчыкі ў вачах бабулькі, якая разам з іншымі спявае калядныя песні часоў сваёй маладосці, з’яўляюцца лепшым доказам таго, што мерапрыемствы, якія адбыліся ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Кобрынскага ТЦСАН, на самой справе сталі святам чуласці і дабрыні.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *