Вялікі канцэрт творчых калектываў Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці «МузART» прайшоў на сцэне Палаца культуры.
30 июня, "Кобринский вестник"/ Падзея стала яркім завяршэннем навучальнага года і прадэманстравала высокі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў.
На базе цэнтра вядзе працу141 аб’яднанне па інтарэсах. Шмат гадоў паказваюцьпрафесійную падрыхтоўку навучэнцаў 5 калектываў са званнем «узорны»: танцавальны калектыў «Пралесачкі», вакальная студыя «Крыніца», ансамбль сучаснага танца «Мадэрн», інструментальная група «Харошы дзень» і студыя выяўленчага мастацтва.
Мерапрыемства наведалі не толькі бацькі і сябры ўдзельнікаў, але і ветэраны педагагічнай працы, былыя педагогі цэнтра. Іх падтрымка і ўдзел стварылі асаблівую атмасферу.
Дырэктар РЦДТ Наталля Белая дала пажаданне выпускнікам і падзякавала ўсім, хто мае дачыненне да свята:
– Талент – гэта тое, што даецца звыш, і кожны чалавек таленавіты па-свойму. Важна своечасова разабрацца ў чым менавіта ты таленавіты, і ў вырашэнні гэтага пытання выпускнікам дапамаглі педагогі нашага цэнтра і бацькі. Хачу пажадаць вам, дарагія выпускнікі, ніколі не сумнявацца ў сваіх талентах! І кожны дзень адкрываць для сябе новыя бакі і аспекты творчых ідэй, стала знаходзіць верную крыніцу натхнення, заўсёды жыць з адчуваннем шчасця і любові!
Дзякуй усім за плённую творчую працу ў гэтым навучальным годзе, які прынёс нам столькі ўзнагарод, што іх і не пералічыць. Адно з апошніх дасягненняў – каманда міратворцаў РЦДТ з праектам «80 гадоў мірнага жыцця» заваявала Гран-пры і атрымала магчымасць прадстаўляць нашу вобласць на рэспубліканскім злёце міратворцаў.
Традыцыйна ў рамках канцэрта адбылася цырымонія ўручэння пасведчанняў. 73 выпускнікам аб’яднанняў па інтарэсах былі ўручаны пасведчанні аб заканчэнні навучання і граматы за актыўны ўдзел у творчым жыцці калектыву.
Выпускніца «Пралесачак» Арына Федасюк распавяла пра значнасць калектыву і танцаў у яе жыцці:
– Я займаюся танцамі ўжо больш за 10 гадоў. Кіраўнікі ансамбля сталі для мяне сапраўднымі настаўнікамі, якія заўсёды падтрымлівалі і натхнялі. Танцы – гэта не проста хобі, гэта цэлае жыццё, у якім я выказваю свае пачуцці і эмоцыі. Хоць я і не планую звязаць прафесію з танцамі, для мяне «Пралесачкі» – гэта не проста калектыў, а другая сям’я, дзе я знайшла сябе і сваіх сяброў.
Канцэрт стаў не толькі святам творчасці, але і сімвалам будучых здзяйсненняў для ўсіх выпускнікоў.
Творчыя калектывы «МузART» працягваюць радаваць гледачоў сваімі выступленнямі і натхняць новае пакаленне таленавітых дзяцей.
Тэкст і фота Ірыны АМЕЛЬЯНЧУК
Поделиться в соцсетях: