У ліпеньскія дні Кобрын выглядае асабліва ўрачыста. Дзень горада для кабрынчан – заўсёды чаканая падзея, да якой яны рыхтуюцца загадзя. Прыгожыя жылыя кварталы, добраўпарадкаваныя вуліцы, аздобленыя дзіўнымі кветнікамі… Наш горад – здабытак кожнага з нас. З якімі дасягненнямі мы сустракаем свята горада, у інтэрв’ю са старшынёй Кобрынскага райвыканкама Міхаілам Грышкевічам.
-На сучасным этапе рэгіён дынамічна развіваецца, на Кобрыншчыне для гэтага ёсць вялікі патэнцыял. Што датычыцца мясцовай эканомікі, то па выніках работы за 1-е паўгоддзе бягучага года ў раёне забяспечана выкананне заданняў па росце сярэднямесячнай заработнай платы і інвестыцый у асноўны капітал. Таксама мы справіліся з заданнямі па тэмпах росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі і рознічнага тавараабароту.
Выконваем заданні па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў і інш. У раёне стабільна працуюць прамысловыя прадпрыемствы. Аб’ём вытворчасці прадукцыі за студзень-май 2021 года склаў 300,5 млн рублёў. Рост экспарту тавараў у бягучым годзе склаў 61,7 млн долараў, ці 114,9% да адпаведнага перыяду 2020 года.
Экспартныя пастаўкі тавараў ажыццяўляліся ў 51 краіну. Найбольшы аб’ём экспарту традыцыйна належыць Расійскай Федэрацыі. Адзначу, што адным з прыярытэтных накірункаў работы па дыверсіфікацыі рынкаў збыту з’яўляецца развіццё супрацоўніцтва з Кітаем. Экспарт ва ўсходнюю краіну склаў 2,7 млн долараў.
Дынамічна развіваецца і мясцовы гандаль. За 1-е паўгоддзе 2021 года адкрыта 59 гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку 3 – на вёсцы, 5 аб’ектаў грамадскага харчавання на 260 месцаў. Рухавіком беларускай эканомікі з’яўляецца малы і сярэдні бізнес, у тым ліку і на Кобрыншчыне.
У гэтым сектары эканомікі ствараюцца новыя працоўныя месцы. Беларуская прадукцыя канкурэнтаздольная на айчынным і знешнім рынках. Так, па стане на 1 ліпеня ў раёне ажыццяўлялі сваю дзейнасць 2868 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. За 1-е паўгоддзе бягучага года зарэгістравана 15 новых камерцыйных арганізацый.
На Кобрыншчыне – камфортны інвестыцыйны клімат. За студзень-май 2021 года ў эканоміку раёна накіравана 109,5 млн рублёў інвестыцый у асноўны капітал.
Працягваецца рэалізацыя інвестпраектаў СТАА «ВП Палессе» па будаўніцтве вытворча-складскога комплексу па вытворчасці пластмасавых вырабаў, а таксама ААТ «САЛЕА-Кобрын» па павелічэнні вытворчай магутнасці і наменклатуры вырабаў. Паспяхова рэалізуецца праект ТАА «БТВ-Агра» па вырошчванні грыбніц з кацельнямі на газавым паліве, у выніку чаго будзе створана не менш за 50 рабочых месцаў, а інавацыйная прадукцыя будзе мець гарантаваны збыт.
Новы імпульс развіцця атрымала і сельская гаспадарка раёна. Так, па выніках работы за 1-е паўгоддзе 2021 года тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 113% пры заданні ў 100,3%. У гаспадарках раёна сістэматычна абнаўляецца машынна-трактарны парк, мадэрнізуецца вытворчасць, у галіну прыходзяць новыя кваліфікаваныя кадры.
Станоўчыя вынікі дэманструе сацыяльная сфера. Так, па выніках абласнога этапа конкурсу работ даследчага характару «З навукай у будучыню» навучэнцы Кобрыншчыны атрымалі 10 дыпломаў I, II і III ступеняў. Пераможцамі абласнога этапа рэспублікан-скай алімпіяды па навучальных прадметах сталі 9 кабрынчан. Дынамічна развіваецца культурная сфера. Радуюць дасягненні ў спорце.
Асобна хочацца падзякаваць медыцынскім работнікам Кобрыншчыны, якія мужна змагаюцца з наступствамі пандэміі каранавіруса.
Бягучы год – асаблівы для ўсіх нас. Намаганні народнагаспадарчага комплексу Кобрыншчыны былі адзначаны на самым высокім узроўні. Па выніках работы за 2020 год рашэннем Брэсцкага аблвыканкама Кобрынскі раён аб’яўлены пераможцам у намінацыі «За дасягненні высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод гарадоў і раёнаў» і занесены на рэспубліканскую Дошку гонару.
Шаноўныя кабрынчане! Няхай гэтыя поспехі натхняюць нас на дасягненне новых вяршыняў. Моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту вам і вашым сем’ям! Са святам!
З Днём горада Кобрына!
Запісаў Раман МЕЛЬНІК / vkobrine.by
Поделиться в соцсетях: