Кіраўнікі прафсаюзаў Кобрыншчыны правялі дыскусійную пляцоўку з моладдзю

Выхаванне чалавека пачынаецца ў сям’і і школе, працягваецца падчас атрымання прафесіі, аднак не меншае значэнне мае яго першае рабочае месца і як маладога спецыяліста сустрэнуць у калектыве. Значная роля на гэтым этапе належыць прафсаюзам, якія суправаджаюць маладых на шляху іх прафесіянальнага росту. Як наладжана такое ўзаемадзеянне на Кобрыншчыне і чаму супрацоўніцтва прафсаюзаў і моладзі так важна для абодвух бакоў – гэтыя і іншыя пытанні знайшлі разгляд падчас тэматычнай дыскусіі “Прафсаюзы – тэрыторыя моладзі”, якая пад эгідай Кобрынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” прайшла 29 красавіка ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі ім. А В. Суворава.

Прафсаюзы – самае шматлікае аб’яднанне нашай краіны, на Кобрыншчыне налічваецца 190 пярвічных прафсаюзных арганізацый, у якіх больш за 21 тысячу чалавек, – адзначыў старшыня Кобрынскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Алег Гангала. – Сёння прафсаюзы актыўна ўдзельнічаюць у жыцці беларускага грамадства – сярод іншага, трэба адзначыць дапамогу ў барацьбе з пандэміяй каранавіруса, вялікую работу па ахове працы, дапамогу людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Самая галоўная каштоўнасць – гэта чалавек працы і яго бяспека.

Як падкрэсліў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Лазарчук, у дачыненні маладых работнікаў АПК на Кобрыншчыне працуе цэлая сістэма стымулюючых мер, у тым ліку – даплаты, аднаразовыя дапамогі, забеспячэнне жыллём і многае іншае. Цесна працуюць за моладдзю і ў іншых сферах – аб рабоце з маладымі кадрамі ўдзельнікам тэматычнай дыскусіі расказалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Радковіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Наталля Мароз і галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Таццяна Пружанец. У заканчэнні мерапрыемства ўсе жадаючыя атрымалі магчымасць задаць экспертам хвалюючыя пытанні.

Дзмітрый БЯЛОЎ.