Выхоўваць патрыётаў сваёй Радзімы, якія добра ведаюць традыцыі свайго народа і родную мову, трэба з маленства. У гэтым упэўнены намеснік загадчыка ясляў-сада №6 г. Кобрына Ірына Савосціна са сваімі калегамі-выхавальнікамі.
– Навучанне дзяцей роднай мове, развіццё беларускага маўлення і культуры маўленчых зносінаў – адна з важных задач адукацыйнага працэсу нашай установы, – заўважае Ірына Васільеўна. – Для паспяховай рэалізацыі гэтай задачы мы робім усё, каб у дзіцячым садзе родная мова гучала як мага часцей і каб работа насіла сістэмны характар.
Так, кожны чацвер у дзіцячым садзе праводзіцца дзень беларускага маўлення. У гэты дзень і выхавальнікі, і маленькія выхаванцы імкнуцца больш размаўляць на роднай мове. У кожнай узроставай групе арганізуюцца тэматычныя выставы, на занятках вялікая ўвага надаецца вывучэнню новых беларускіх слоў, гучаць творы на роднай мове, ідзе знаёмства з культурнымі традыцыямі беларускага народа, з славутымі мясцінамі і помнікамі архітэктуры.
– Пачынаем з самага малога – з вывучэння роднага города, вуліцы. І так ідзем да вялікага, – расказвае Ірына Васільеўна. – Безумоўна, без падтрымкі бацькоў, без цеснага з імі супрацоўніцтва атрымаць добрыя вынікі было б цяжка. На шчасце, як паказала апытанне, якое праводзілася сярод бацькоў, яны зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці вывучалі родную мову. Мы часта арганізоўваем сумесныя мерапрыемствы, дзе дарослыя прымаюць самы актыўны ўдзел – дапамагаюць дзецям маляваць родныя мясціны, робяць вырабы з нацыянальнай сімволікай, дома вывучаюць словы на роднай мове.
Вось ужо другі год запар у дзіцячым садзе напярэдадні 21 лютага праходзяць тыдні роднай мовы. Праграма мерапрыемстваў вельмі насычаная. Кожны дзень дзеці даведваюцца нешта новае пра малую радзіму – Кобрыншчыну і сваю краіну – Беларусь.
Упэўніцца ў гэтым карэспандэнт меў магчымасць на ўласныя вочы, завітаўшы ў адзін з такіх дзён у госці да выхаванцаў ясляў-сада.
На занятках па музыцы дзеці развучвалі беларускі народны танец «Крыжачок». Захопленыя гукамі мелодыі, яны нават не заўважылі ў зале чужога чалавека.
А вось у другім пакоі група дзяцей разам з выхавальнікам гулялі ў лато, зробленае ў форме беларускага арнамента.
Некалькі дзяўчынак адасоблена складалі пазлы.
– Што ў вас павінна атрымацца? – пытаюся я, звяртаючы на сябе іх увагу.
– Як што? – адрывае вочы ад зялёнай выявы адна з дзяўчынак. – Дык гэта ж Беларусь.І столькі ў гэтым слове адчувалася гонару, што адразу стала зразумела: «Вось так трэба выхоўваць падрастаючае пакаленне».
Яшчэ з аднаго пакоя даносілася мілагучная родная мова. Дзеці слухалі казку.
– Дзіцячы ўзрост – самы актыўны ўзрост. Чым больш будзе беларускамоўнага асяроддзя вакол нашых дзяцей, тым хутчэй яны будуць пазнаваць сваю Беларусь. Да малых своеасаблівы падыход трэба, – закрываючы дзверы, дзе выхаванцы заўзята гулялі ў гульню «Садзім бульбу», – заўважае Ірына Васільеўна.
А завяршыцца тыдзень роднай мовы ва ўстанове агульнай дыктоўкай сярод выхавальнікаў.
Фота і аўтар Алена БАКУН / vkobrine.by
Поделиться в соцсетях: