“Каб быць добрым настаўнікам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і тых, каму выкладаеш” – упэўнена Наталля Рагачук, настаўніца гісторыі сярэдняй школы №1

Наталля Рагачук з вучнямі вывучае матэрыялы музейнай экспазіцыі, прысвечанай школе.

У настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы №1 г. Кобрына Наталлі Рагачук ёсць усё, што ўласціва сапраўднаму педагогу: талент, душэўная цеплыня,  розум, чуласць, цярпенне, энтузіязм, невычэрпная энергія. Больш за 27 гадоў яна  працуе ў школе, і ўсе, з кім сутыкаецца – настаўнікі, вучні, бацькі, заўважаюць: Наталля Васільеўна з тых людзей, якія створаны для працы з дзецьмі.

  • У юнацтве для мяне не стаяла пытання, звязанага з выбарам прафесіі. Мая маці Ганна Іванаўна Варановіч працавала настаўніцай матэматыкі і намеснікам дырэктара. Яе любоў да працы заўсёды была ўзорам для калег і вучняў, – расказвае мая субяседніца.

Выбар стаяў толькі ў тым, дакладным ці гуманітарным навукам  аддаць перавагу. Цікавасць да сівой даўніны і  любоў да падарожжаў ўзялі верх, і выпускніца Пескаўскай сярэдняй школы звязала сваё жыццё  з гісторыяй. Вучылася ў Гродзенскім універсітэце, пасля яго заканчэння працавала ў Астроміцкай школе. У 1993 годзе, калі  ў вучнёўскім раскладзе заняткаў з’явіўся прадмет «гісторыя Беларусі», і прыйшла  у сярэднюю школу №1.

  • Каб быць добрым настаўнікам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і тых, каму выкладаеш, – упэўнена Наталля Васільеўна.

Яна займаецца вывучэннем  гісторыі і культуры роднага краю і ўмее зацікавіць гэтым вучняў. Цягу да краязнаўства адчула яшчэ ў юнацтве, калі аднойчы ў падмаскоўнай Каломне стала ўдзельніцай незвычайнай экскурсіі, якую правёў для беларускіх турыстаў мясцовы жыхар.

  • Тады і задумалася: а што я магу расказаць пра свой горад? – успамінае Наталля. – Дзіўных гісторый на Кобрыншчыне нямала – было б толькі жаданне вывучаць і даследаваць. А жаданне ёсць. І зацікаўленых вучняў шмат.

Створаныя пад яе кіраўніцтвам вучнёўскія краязнаўчыя даследванні неаднаразова адзначаліся  ўзнагародамі на навуковых канферэнцыях розных узроўняў. Дзякуючы даследчай працы «уваскрэслі» шматлікія старонкі старажытный гісторыі Кобрына, «ажылі» постаці гістарычных дзеячаў. Аб жыцці князя Уладзіміра і княгіні Вольгі, Боны Сфорцы, Ганны Ягелонкі,   мясцовай шляхты ў школе не толькі раскажуць, але і пакажуць. Тэатралізаваныя экскурсіі і інсцэніроўкі займаюць значнае месца ў педагагічным партфоліа настаўніцы. Ператварыцца ў тытулаваных асоб вучням дапамагае вопратка, якую ўласнымі рукамі стварыла Наталля Рагачук і яе калегі, апіраючыся на малюнкі падручнікаў і артыкулы часопісаў аб гісторыі моды.

Умовы сялянскага жыцця нашых продкаў перадае яшчэ адна знаходка няўрымслівай настаўніцы – этнаграфічны куточак «Беларуская хатка», дзе захоўваюцца прадметы хатняга ўжытку мінулых часоў. Самы каштоўны экспанат  – нацыянальная жаночая вопратка пачатку ХХ стагоддзя, якая была распаўсюджана на Кобрыншчыне.

Беражліва захоўваюць тут і гісторыю сваёй установы. У школе працуе музейная экспазіцыя «Гісторыя школы даўжынёю ў стагоддзе», якая была створана да юбілея старэйшай адукацыйнай установы горада. Штогод яна папаўняецца новымі экспанатамі.  Так, у 2020-м годзе ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу музеяў баявой славы «Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем» ў намінацыі «Музейны адукацыйны праект» вопыт Наталлі Рагачук  у галіне музеязнаўства быў адзначаны дыпломам 1 ступені.  

Усё назапашанае школай краязнаўчае багацце можа паглядзець кожны, дзякуючы віртуальнаму музею на сайце ўстановы, які стаў першым у вобласці лічбавым рэсурсам такога тыпу.  Захаванне памяці пра мінулае, культуру, быт беларускага народа з’яўляецца, на думку настаўніцы, важным напрамкам грамадска-патрыятычнага выхавання моладзі.

  • З прывіцця любові і павагі да сваёй малой радзімы пачынаецца выхаванне чалавека, патрыёта, грамадзяніна, натхнёнага ідэаламі дабра і сацыяльнай справядлівасці, здольнага тварыць і ствараць у імя Айчыны, – так тлумачыць сваё прафесійнае крэда Наталля Васільеўна.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

Фота аўтара.