В Кобрине четыре дня бушевали хоккейные страсти.

З 23 па 26 снежня Кобрыншчына ў чарговы раз прымала міжнародны навагодні турнір па хакеі з шайбай сярод спартсменаў 2002 года нараджэння. У гэтым сезоне заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах падалі СДЮШАР “Мар’іна” і “Сіняя птушка” з Масквы, “Бульдогі” (Санкт-Пецярбург), ДЮСШ “Крыжынка” і “Сокал” (Кіеў), хакейныя клубы “Дынама–Мінск”, “Віцебск” і “Кобрын”. Паводле інфармацыі дырэктара лядовай арэны Анатоля Трубчыка, нашы землякі адказна і мэтанакіравана  рыхтаваліся да гэтых стартаў. Вялікую падтрымку ў арганізацыі турніру аказалі СП “Калор”, група кампаній “Жылбудкамплект”, а таксама бацькоўскі камітэт кобрынскай каманды.

Падтрымлівалі сваіх фаварытаў і генеральныя консулы Расійскай Федэрацыі і Украіны ў г. Брэсце Мікіта Маткоўскі і Іван Баранчык.

– Лічу, што мясцовыя раённыя ўлады ўдзяляюць дастаткова ўвагі развіццю спартыўнага руху на Кобрыншчыне, – адзначыў у час інтэрв’ю Мікіта Маткоўскі. – Уважліва азнаёміўшыся з інфраструктурай вашага горада, з упэўненасцю магу канстатаваць, што такая ўнікальная матэрыяльна-тэхнічная база і кадравы патэнцыял ёсць далёка не ў кожным падобным горадзе Расіі.

Йёплыя словы падзякі ў адрас кіраўніцтва аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама і лядовай арэны выказаў Іван Баранчык, які спадзяецца, што падобныя мерапрыемствы будуць мець свой працяг.

Адкрыццё турніру адбывалася ва ўрачыстай абстаноўцы. Госці дзякавалі арганізатарам за гасцінны прыём. Галоўны трэнер кіеўскай каманды “Крыжынка” Аляксандр Сухенка ўручыў дырэктару лядовай арэны Анатолю Трубчыку падзяку і памятны падарунак. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.

Спаборніцтвы праходзілі напружана і захапляльна. Чатыры дні хакея праляцелі, як адно імгненне.

У выніку першае месца заняла каманда  з Віцебска. Кабрынчане заваявалі другое. У барацьбе за “серабро” нашы землякі ў рашаючым матчы перамаглі піцерцаў з лікам 4:2. Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі і прызамі ад партнёраў спаборніцтваў. Сярод лепшых ігракоў спецыяльным падарункам адзначаны кобрынскі нападаючы Уладзімір Ануфрыюк.

Роман МЕЛЬНИК

ФОТО АВТОРА

НА ЗДЫМКАХ (злева направа): Іван Баранчык, Мікіта Маткоўскі, начальнік аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама Васіль Знахарчук, Анатоль Трубчык; расійскія балельшчыкі, каманда “Бульдогі” (Санкт-Пецярбург).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *