Галоўнае багацце – людзі і зямля

Амаль 15,5 тыс. га сельгасугоддзяў з’яўляюцца зонай адказнасці ААТ “Гарадзец-агра”. Прадпрыемства значна пашыпыла плошчы пасля далучэння спачатку ААТ “Аніскавічы”, а потым – СВК “Каралеўскі”. Як жывуць і працуюць аграрыі буйнейшай гаспадаркі Кобрыншчыны, высвятляў карэспандэнт “КВ”.

Дырэктара гаспадаркі Івана Цецерука “злавіць” у кабінеце практычна немагчыма. З самай раніцы ён “на зямлі” – аб’язджае ўчасткі, рашае пытанні, адным словам – жыве адным жыццём з вялікім настроеным механізмам, імя якому – ААТ “Гарадзец-агра”. На пытанне, як даць рады такой “махіне”, па-добраму ўсміхаецца.

– Галоўнае – проста верыць у сваю справу і рабіць усё магчымае, каб дасягнуць пастаўленай мэты. Знаходзіць свой “ключык” да кожнага працаўніка, прыцягваць у гаспадарку моладзь. А яшчэ – заўсёды помніць пра зямлю, на якой жывеш і працуеш, і пра людзей, якія на ёй жывуць, таму што менавіта яны – наша галоўнае багацце.

І такі падыход дае свае вынікі. Як адзначыў першы намеснік дырэктара ААТ “Гарадзец-агра” Мікалай Вярэніч, за 2019 год пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы склала 12550 галоў, ці 103,1% да ўзроўню мінулага года. На 72 г вырасла сутачнае прыбаўленне жывёлы ў вазе, якое па выніках года склала 828 г. Да 31,2 ц/га вырасла ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых, 121,4% да ўзроўню 2018 года. І гэта – толькі некаторыя вынікі плённай працы калектыву гаспадаркі.

Зіма б’е ўсе тэмпературныя рэкорды. Нягледзячы на гэта, тут пануе спакойная рабочая атмасфера – разам з Мікалаем Уладзіміравічам і галоўным аграномам Сняжанай Ячнік мы едзем на поле, пакрытае густым, зусім не студзеньскім туманам. Там працуе механізатар Васіль Бандарук – карыстаючыся незвычайна цёплым надвор’ем, аграрыі ўносяць у глебу хлорысты калій пад яравую сяўбу. На момант нашага візіту ўжо было падкормлена 1953 га (каля 70% ад плана) пад яравую сяўбу і 1812 га (каля 60%) пад сенакосы і пашу.

Падчас нашай экскурсіі па гаспадарцы мы сустрэлі механізатара Міхаіла Рудзько, які працуе ў ААТ “Гарадзец-агра” ўжо 10 гадоў. Лагодна буркацеў яго чысценькі, бліскучы трактар, добра адпавядаў яму і сам трактарыст – акуратны, грунтоўны і, адразу відаць, адказны. Міхаіл родам з вёскі Бярозна, але для яго і яго сям’і Гарадзеччына стала роднай зямлёй – спачатку атрымалі ад гаспадаркі дом,  потым прыватызавалі яго, тут выраслі дзеці.

Працавітасці аграрыям ААТ “Гарадзец-агра” не займаць.  Кожны дзень яны ўносяць свой уклад у вялікі каравай сваёй гаспадаркі і ўсёй Кобрыншчыны.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота: Дзмітрый БЯЛОЎ: (справа налева): Мікалай Вярэніч, Васіль Бандарук і Сняжана Ячнік абмяркоўваюць план унясення ўгнаенняў пад яравую сяўбу; Міхаіл Рудзько перад чарговым выездам.