Смачна, якасна, канкурэнтаздольна

Яркія тарты, хрусткае печыва і духмяны хлеб самых розных гатункаў – толькі некаторыя ўзоры смачнай і карыснай прадукцыі, якую выпускаюць прадпрыемствы ў складзе ААТ “Берасцейскі пекар”. Абмеркаваць перспектывы развіцця галіны, пазнаёміцца з інавацыямі вытворчага працэсу і паспрабаваць перспектыўныя навінкі атрымалі магчымасць удзельнікі Дня якасці, які прайшоў на базе філіяла ААТ “Берасцейскі пекар” Кобрынскі хлебазавод. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх філіялаў ААТ “Берасцейскі пекар”, прадстаўнікі Кобрынскага райвыканкама, Брэсцкай абласной інспекцыі “Дзяржстандарт” і Кобрынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Удзельнікі Дня якасці падчас дэгустацыі прадукцыі філіялаў ААТ “Берасцейскі пекар”

Пачалася праграма дня з дэгустацыі вырабаў хлебабулачнай і кандытарскай прамысловасці, падчас якой філіялы прадставілі свае перспектыўныя вырабы. Ацэньваліся не толькі арганалептычныя якасці – дэгустатары цікавіліся складам, рэцэптурай, сабекоштам і многімі іншымі паказчыкамі. Пасля дэгустацыі кожны мог выказаць свае думкі і пажаданні, што і як яны б змянілі ў тым ці іншым прадукце.

– Наша аб’яднанне ўключае 8 хлебазаводаў, і мы рэгулярна праводзім такія мерапрыемствы з мэтай удасканалення асартыменту, выпрацоўкі новых вектараў развіцця, – расказвае генеральны дырэктар ААТ “Берасцейскі пекар” Алег Несцярук. – Сёння мы ўбачылі мноства цікавых ідэй, якія, безумоўна, знойдуць прызнанне пакупнікоў.

Удзельнікі Дня якасці знаёмяцца з вытворчым працэсам на Кобрынскім хлебазаводзе

 

Пастаянны пошук новых рашэнняў – неабходная ўмова для поспеху айчыннага вытворцы ва ўмовах сучаснага рынку, перанасычанага таннымі кандытарскімі вырабамі, у тым ліку замежнага паходжання. На дэгустацыі было прадстаўлена каля 40 найменняў прадукцыі, лепшыя з якіх хутка парадуюць спажыўцоў Брэсцкай вобласці. Пазнаёміліся ўдзельнікі і з некаторымі “пілотнымі” прадуктамі, для вытворчасці якіх яшчэ не закуплена абсталяванне, як, напрыклад,  ганцавічскія сухарыкі ці кобрынскае пячэнне тыпу “крэкер”. Наступным этапам стала кароткая экскурсія па цэхах хлебазавода, падчас якой госці на ўласныя вочы ўбачылі, як з’яўляюцца на свет кобрынскія прысмакі. Вынікам гэтага насычанага дня стала пленарнае пасяджэнне, падчас якога хлебапёкі Брэстчыны абмеркавалі актуальныя пытанні і перспектывы галіны.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ.