МАЛАЯ РАДЗІМА ПАЧЫНАЕЦЦА З ПАРАДКУ НА ЗЯМЛІ

Для дэпутата Акцябрскай выбарчай акругі Марыі Дударук спалучэнне “малая радзіма” напоўнена сваім сэнсам. Роднае сяло, зямля, якая дае добрыя ўраджаі, сцяжынкі і вулачкі, утаптаныя  нагамі яе дзяцей, сельскі пагост, дзе спяць вечным сном  сваякі і аднавяскоўцы…

Добраўпарадкаванне могілак – гэта першая справа, за якую ўзялася Марыя Аляксандраўна, апынуўшыся на  дэпутацкай пасадзе. “Каб не перарывалася  сувязь часоў, жывыя клапоцяцца пра пахаванні”, – лічыць яна.

Яшчэ ранняй вясной ўзяліся за справу. Тэрыторыю могілак  вызвалілі ад хмызняку, абкасілі, вынеслі смецце, правялі хімічную апрацоўку. Вынікі працы натхнялі на новыя дзеянні, і неўзабаве могілкі і паклонны крыж атрымалі новую агароджу.

– Усёй вёскай працавалі, у некаторыя дні да 50 чалавек на суботнік выходзіла. Людзі добраахвотна ахвяравалі час і грошы. Нават з Брэста і Кобрына адгукнуліся тыя, у каго родныя пахаваны на гэтых могілках, – расказвае Марыя Аляксандраўна.

Клопату даставілі  вялікія дрэвы. Некаторыя з іх  былі магутныя і старыя, падчас  пілавання маглі пашкодзіць помнікі. Звярнуліся да камунальнікаў, якія пры дапамозе спецыялізаванай тэхнікі прыбралі дрэвы і перапрацавалі бярвенні ў шчапу.

Жыхары вёскі Акцябр і суседніх з ёй Варатынічаў маюць сваю пошту, ФАП, сярэднюю школу,  царкву, Дом культуры. Добраўпарадкаванне месцаў агульнага карыстання таксама ажыццяўляецца сіламі жыхароў. За апошнія гады дрэвы абапал дарогі ад царквы да школы разрасліся і сталі перашкаджаць, закрывалі агляд. Каб засцерагчы пешаходаў і аўтамабілістаў ад небяспекі, вяскоўцы абрэзалі і вывезлі галлё, прыбралі аварыйныя дрэвы. Тэрыторыі агульнага карыстання таксама набылі прыстойны выгляд.

Трымае дэпутат на кантролі якасць дарог – падсыпку і ямачны рамонт выканала ДРБУ №201, час ад часу патрабуецца толькі грэйдзіраванне.

Вядзецца работа па выкананні Указа №357 «Аб пустуючых і старых дамах». Каб аджыўшыя свой век будоўлі не псавалі выгляд вёскі, дэпутат вядзе размову з іх уладальнікамі аб прывядзенні дамоў у належны стан ці іх зносе. Пры адсутнасці ўласніка гэтую місію бярэ на сябе сельвыканкам. Знос будынка насупраць школы выканалі гаспадары, засталося толькі аздобіць пляцоўку. Клопат дэпутата – знайсці для гэтага тэхніку. Будоўлю на скрыжаванні вуліц Савецкай і Чырвонагвардзейскай знеслі за кошт мясцовай улады. Клопат дэпутата – дабіцца разумнага выкарыстання  тэрыторыі.

Вялікая пляцоўка каля царквы – гэта таксама тэрыторыя агульнага карыстання. Касіць на ёй траву па закліку дэпутата выходзяць добраахвотнікі, якія сваімі трымерамі надаюць ёй належны выгляд.

Марыя Дударук  – пенсіянерка, маці, бабуля, гаспадыня – мае шмат асабістых турбот, але справы грамадскія  для яе не менш значныя. Таму на працягу дня жанчыну можна сустрэць то ў адным, то ў другім канцы вёскі. І нічога не застанецца ў баку ад яе гаспадарскага погляду, таму што жыццезабеспячэнне людзей – гэта першае, на што павінна звяртаць увагу сельская мясцовая ўлада.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

На здымку: Марыя Дударук (першая зправа) і старшыня Гарадзецкага сельвыканкама Дзмітрый Міроненка з аднавяскоўцамі.

 


Комментарии к материалу можно оставить в:
Viber: Кобринский Вестник
Skype: Кобринский Вестник
Telegram: t.me/kvestnik
ВКонтакте: vk.com/vkobrine
Одноклассники: ok.ru/kobrynskve
Facebook: facebook.com/groups/vkobrine/
E-mail: kvestnik1@yandex.by