Адбылася сустрэча старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта з працоўным калектывам ААТ “Кобрынскі МСЗ”

У фармаце жывога дыялогу

У межах Адзінага дня інфармавання адбылася рабочая сустрэча старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта з працоўным калектывам ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка.

 

Кіраўнік прадпрыемства Руслан Чыбатар паведаміў аб тым, як развіваецца масларобна-сыраробны завод. Тут вырабляюць больш за 130 найменняў прадукцыі. У суткі завод перапрацоўвае больш за 400 тон малака. Пераважна выпускаюцца сыры. На прадпрыемстве ўведзены ў эксплуатацыю новы сыраробны цэх  з аўтаматызаванай лініяй па вытворчасці цвёрдых і паўцвёрдых сыроў. Яны ўжо даўно заслужылі аўтарытэт і павагу не толькі ў айчынных спажыўцоў, але і далёка за межамі Беларусі. Уся прадукцыя прадпрыемства вырабляецца з натуральнага высакаякаснага малака на высокатэхналагічным абсталяванні, што забяспечвае выдатную якасць. Завод з’яўляецца экспартна арыентаваным. Узяты курс на  дыверсіфікацыю рынкаў збыту. Тавары адпраўляюцца не толькі ў Расію, але і ў Казахстан, Туркменістан, Узбекістан і Ірак. Усяго ж тут  працуюць 567 чалавек.

Іван Эйсмант засяродзіў увагу прысутных на важнай палітычнай падзеі, якая адбудзецца сёлета 17 лістапада, – выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, расказаў аб ролі Белтэлерадыёкампаніі ў гэтым працэсе. Прысутным цікава было даведацца аб тым, што зараз уяўляе з сябе беларускае тэлебачанне і радыё. Кобрынскія тэлегледачы адзначылі тыя змены, якія адбыліся летась у сакавіку, – адначасовы пераход адразу шасці тэлеканалаў Белтэлерадыёкампаніі на HD–вяшчанне. Гэта быў своеасаблівы рэкорд не толькі ў межах Беларусі, але і ў сусветнай медыяіндустрыі. Іван Міхайлавіч спыніўся на перспектыўных накірунках дзейнасці арганізацыі, якасці кантэнту, рэкламнай палітыцы, канкурэнцыі на медыярынку. У перспектыве Белтэлерадыёкампанія плануе зняць дакументальны фільм аб Кобрыне, яго старажытнай і багатай гісторыі, сучаснасці, а таксама аб знакамітых асобах, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё нашага раёна. На ўсе пытанні, якія паступілі ў адрас Івана Эйсманта, былі дадзены вычарпальныя адказы.

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі пазнаёміўся з вытворчай базай ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, адзначыў паступальную тэндэнцыю развіцця прадпрыемства, яго поспехі, якіх на сучасным этапе нямала, падкрэсліў вялікую ролю ў гэтым ўсяго працоўнага калектыву і кіраўніцтва раёна.

– Я рэгулярна бываю на розных прадпрыемствах нашай краіны. Але тое, што ўбачыў у Кобрыне, варта высокай адзнакі. Прыклад кабрынчан яшчэ раз даказвае, што калі ёсць добры гаспадар, правільная стратэгія развіцця, поспех не прымусіць сябе чакаць, – рэзюмаваў Іван Эйсмант.

Раман МЕЛЬНІК.

На здымку аўтара: (злева направа) Руслан Чыбатар, Іван Эйсмант, Міхаіл Грышкевіч, Сяргей Гусачэнка.