Першым у раёне перавёз тысячу тон збожжа Дзмітрый Нічыпарук з ААТ “Пакроўскі”.

На поле з пшаніцай, дзе пад яркім ліпеньскім сонцам шчыраваў Дзмітрый Нічыпарук, з віншаваннямі прыехалі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Барташ, намеснік начальніка ўпраўлення Людміла Захарчук. Кіраўніцтва ўручыла пераможцы прэмію і падарункі і пажадала ўсяго найлепшага і далейшых поспехаў у рабоце.

 

Для Дзмітрыя Нічыпарука ў ААТ “Пакроўскі” – гэта трэцяе жніво, але ў сельскай гаспадарцы ён працаваў і раней.  Да гэтага пераможцам быў толькі сярод калег.

Жніво – адказны перыяд, дзе кожная хвіліна на ўліку. Пакуль дазваляе надвор’е, трэба ўбраць хлеб, – разважае Дзмітрый Мікалаевіч, які вельмі любіць сваю работу.

На сваім аўтамабілі МАЗ-5516 вадзіцель перавозіць па 12-13 т збожжа, і каб перавезці сваю першую тысячу тонн, Дзмітрый Нічыпарук зрабіў каля 80 рэйсаў. Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы ў гаспадарцы 55 ц/га і, як заўважае наш герой, напаўняць кузаў спелым збожжам пры добрай ўраджайнасці – удвая прыемней.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Міхаіл Грышкевіч віншуе Дзмітрыя Нічыпарука; першы вадзіцель-тысячнік ў раёне Дзмірый Нічыпарук чакае загрузку.