З думкамі пра вечнае

На працягу года Іванава жыло ў чаканні вялікай падзеі – Дня беларускага пісьменства. І  ўжо сёння яно пачне збіраць гасцей – паэтаў і пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва, усіх, каму неабыякавы лёс беларускай культуры, на вялікае свята.

Да значнай падзеі ў культурным жыцці краіны далучыліся і ў дзіцячым садзе-сярэдняй школе № 4 г. Кобрына, дзе працуе творчы і ініцыятыўны калектыў. Парог гэтай установы ў новым навучальным годзе пераступілі звыш 700 вучняў, 93 з якіх селі за парты ўпершыню. На працягу года тут ладзіліся цікавыя мерапрыемствы: пазакласныя гадзіны, вечарыны, адкрытыя ўрокі, экскурсіі, мэтай якіх было далучэнне вучняў да культурнага багацця свайго народа і прапаганда яго духоўнай спадчыны. А напярэдадні свята загадчык бібліятэкі Жанна Сурма разам са сваёй калегай  Таццянай Раманюк падрыхтавалі маштабную выставу “Ёсць цуд на зямлі пад назвай дзіўнай – кніга”, дзе сабралі цікавую калекцыю кніг з бібліятэчнага фонду, якая адлюстроўвае славуты шлях развіцця беларускай літаратуры. Тут знайшлі сваё пачэснае месца творы Кірылы Тураўскага і Еўфрасінні Полацкай, Міколы Гусоўскага і Францыска Скарыны, Янкі Купалы і Якуба Коласа… Выстава ў сваю чаргу натхніла настаўніка беларускай мовы і літаратуры Ірыну Здановіч напярэдадні Дня беларускага пісьменства і першага ўрока ў новым навучальным годзе, які прысвечаны малой радзіме, запрасіць у госці да вучняў мясцовую паэтку, адну з ўдзельніц Дня беларускага пісьменства, што праходзіў у 2011 годзе ў Ганцавічах, Людмілу Ярмалюк. Людміла  з’яўляецца членам народнага аматарскага аб’яднання “Белы бусел”, друкавалася ў газетах “Кобрынскі веснік”, “Зара”, літаратурным альманаху “Жырандоля”, калектыўных зборніках, якія выдаваліся пад грыфам “Белага бусла”. Большая частка  яе вершаў прысвечана любві да сваёй малой радзімы, да людзей, якія жывуць на ёй, не абыходзіць яна і такіх вечных тэм, як каханне, асэнсаванне сэнсу жыцця і інш. Падзялілася Людміла Ярмалюк і сваімі ўражаннямі ад удзелу ў Дні беларускага пісьменства. І хоць з таго часу прайшло ўжо 7 гадоў, у памяці жывуць яркія ўспаміны пра незабыўныя сустрэчы са сваімі калегамі па пяру, пра новыя знаёмствы і гутаркі са знакамітымі дзеячамі культуры Беларусі.

Вучні ў сваю чаргу з задавальненнем расказалі пра сваіх любімых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, сярод якіх гучалі як імёны класікаў, так сучасных аўтараў, творчасць якіх прыцягвае маладое пакаленне тэмамі, сугучнымі іх настрою. Згадалі яны і гістарычнае мінулае Кобрыншчыны. Нехта з дзяцей выказаў думку, чаму б не прапанаваць зрабіць культурнай сталіцай аднаго з дзён беларускага пісьменства Кобрын. Магчыма, у хуткім часе так яно і будзе, бо падставы для гэтага, сапраўды, ёсць.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Людміла Ярмалюк (другая справа) і Ірына Здановіч з вучнямі ў час сустрэчы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *