Университеты “Золотого возраста” встретились на Кобринщине
Залаты ўзрост – для новых ініцыятыў
Якой будзе наша жыццё пасля выхаду на заслужаны адпачынак? Наведвальнікі “Універсітэта залатога ўзросту”, які вось ужо два гады працуе пры грамадскім аб’яднанні “Клуб дзелавых жанчын “Бона”, упэўнены – такім, якім мы яго зробім самі. Чарговым доказам таго, што ў “залатым узросце” жыццё толькі пачынаецца і адкрывае новыя магчымасці для самаўдасканалення, стала канферэнцыя “Роля Універсітэта залатога ўзросту у актывізацыі жыцця пажылых людзей”, якая нядаўна прайшла ў Палацы культуры з удзелам старшыні райвыканкама Аляксандра Зазулі.
На працягу мерапрыемства яго ўдзельнікі пазнаёміліся з дзейнасцю Кобрынскага ўніверсітэта залатога ўзросту, аб якой расказалі старшыня Савета ўніверсітэта Вера Малафеева і яе намеснік Вольга Астапук. Вялікую ўвагу прысутных прыцягнула прэзентацыя дзейнасці гісторыка-краязнаўчай секцыі “Кобрынскі ключ”, у час якой гасцям быў прадстаўлены зборнік “Карані і кроны”. Як адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, можна толькі пазайздросціць той актыўнасці і энтузіязму, якія сёння адрозніваюць прадстаўнікоў нашага старэйшага пакалення, а па колькасці цікавых спраў, ініцыятыў і жыццёвай энергіі яны часта могуць даць фору і больш маладым грамадзянам.
Дзякуючы шматлікім гасцям мерапрыемства набыло міжнародны характар –да кабрынчан прыехалі намеснік кіраўніка прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” (Германія) у Рэспубліцы Беларусь Марына Малініна, старшыня самакіравання Валынскага Акме-ўніверсітэта Кацярына Маркевіч на чале дэлегацыі з Луцка, прадстаўнікі другога горада-пабраціма з Польшчы – Мяндзыжца-Падляскага. Таксама ў мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчыкі кафедры псіхалогіі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна горада Брэста. Акрамя плённа праведзенага часу, на канферэнцыі госці атрымалі цікавую экскурсію па вядучых прамысловых прадпрыемствах і памятных мясцінах Кобрыншчыны.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: удзельнікі канферэнцыі каля ваенна-гістарычнага музею імя А.В. Суворава.